Штогод 6 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, якая таксама носіць назву Трох Каралёў.
Падчас гэтай урачыстасці, ці Эпіфаніі, хрысціяне ўзгадваюць тры біблейскія падзеі: пакланенне трох каралёў, хрост Езуса і першы цуд Езуса ў Кане Галілейскай.
Свята Аб’яўлення Пана з’явілася ў Егіпце ў ІІІ ст. 6 студзеня адна з хрысціянскіх сект ушаноўвала там хрост Езуса, які трактавала як поўнае аб’яўленне Сына Божага. Паводле вызнаўцаў гэтай секты, менавіта ў хвіліну хросту наступіла аб’яўленне дзвюх прырод Езуса: чалавечай і боскай.
Дата свята Эпіфаніі была звязана са стараегіпецкімі вераваннямі. 6 студзеня адзначалася свята нараджэння бога святла. Людзі верылі, што ў ноч, якая папярэднічае святу, калі нарадзіўся новы бог, воды Ніла ператвараюцца ў кроў. У многіх месцах пясок на берагах Ніла мае чырвоны колер, і паколькі гэта час дажджоў, рака забірала гэты пясок, і вада сапраўды магла станавіцца чырвонай. Чырвоныя воды Ніла паслужылі хрысціянам для таго, каб замяніць язычніцкія вераванні ўказаннем на першы біблейскі цуд Езуса ў Кане Галілейскай, дзе Хрыстус перамяніў ваду ў віно.
Трэцяй падзеяй, аб якой гаворыцца ў час Эпіфаніі, з’яўляецца пакланенне мудрацоў, якія прыбылі да нованароджанага Езуса.
Тады павінна было наступіць сімвалічнае аб’яўленне Хрыста ўсяму тагачаснаму свету.
У Бібліі гаворыцца не пра трох каралёў, якія наведвалі Езуса, а хутчэй пра мудрацоў. Сцвярджэнне, што Езуса наведалі манархі, паходзіць ад Цэзарыя з Арля. У VI ст. манах на аснове старазапаветнага Псальма 72, дзе гаворыцца пра каралёў, якія аддаюць Богу паклон, заключыў, што мудрацы павінны былі быць валадарамі.
Мы не ведаем таксама, колькі было гэтых мудрацоў. Аднак Цэзарый з Арля на аснове Евангелля паводле Мацвея і прыведзенай там колькасці дароў, прынесеных Езусу (міра, кадзіла і золата) акрэсліў, што іх было трое.
Па іншай інтэрпрэтацыі колькасці гэтых манархаў, яны павінны былі быць прадстаўнікамі ўсіх частак свету, а ў старажытнасці іх вядома было тры: Еўропа, Азія і Афрыка. Таму і сёння ў калядных стаенках тры каралі прадстаўлены як асобы з розным колерам скуры.
У Бібліі не прыводзяцца і імёны мудрацоў. Імёны былі нададзены ім у Сярэднявеччы: Каспар, Мельхіёр і Бальтазар.
Эпіфанія была звязана з трыма падзеямі: хростам (на лацінскай мове "Baptesimus"), вяселлем у Кане Галілейскай (лац. "Matrimonium") і пакланеннем мудрацоў (што перадае слова "Cogito" - пазнае).
З адпаведных літар - C, M i B – пачынаюцца таксама іншыя выразы: "Christus Multorum Benefactor" ("Хрыстус многім (людзям) дабрачынца") і "Christus Mansionem Benedicat" ("Хрыстус памяшканне благаславіць").
Звычай пісаць крэйдай знакі на дзвярах вельмі стары – паходзіць яшчэ са старазапаветнай Кнігі Зыходу. Там гаворыцца пра тое, як праз Егіпет праходзіў Анёл смерці, які забіваў першародных, мінаючы дамы, пазначаныя крывёй ягняці. Адтуль сярод юдэяў з’явіўся звычай пазначаць уваход у свае намёты, што павінна было быць сімвалам таго, што Яхвэ сярод іх.
Гэты звычай адаптавалі і хрысціяне.
Таму, пазначаючы нашы дзверы крэдай, мы паказваем іншым, што жыхары гэтага дома – сведкі Хрыста і не саромеюцца гэтага.
У цэлым, правільны надпіс на нашых дзвярах павінен выглядаць так: C + M + B 2024 (ці іншы год). Гэта азначае "Christus Mansionem Benedicat" – ці "Хрыстус памяшканне благаславіць".
Двойчы пастаўлены "+" – гэта не "плюсікі", а "крыжыкі" – знак благаслаўлення.
Таму пазначым асвечанай крэйдай дзверы нашых дамоў, свядома просячы аб благаслаўленні Езуса Хрыста, а не “нейкіх” Каспара, Мельхіёра і Бальтазара.
Апрацаваў на аснове інтэрнэт-старонак кс. Юрый Марціновіч