20 снежня ў Гродна прыбудзе Агонь міру з Бэтлеема. Па традыцыі яго спачатку даставяць у катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, затым каталіцкія скаўты будуць перадаваць яго далей.
Урачыстае ўнясенне агню ў гродзенскую катэдру адбудзецца ў 17.00. Затым у 17.30 пачнецца святая Імша.
Скаўты развязуць агонь у розныя месцы Гродзеншчыны, адкуль усе жадаючыя змогуць узяць яго з сабой, каб адзначаць Божае Нараджэнне ў духоўным адзінстве з зямлёй Збаўцы.
Акцыя перадачы Бэтлеемскага агню пачалася ў 1986 годзе, калі прадстаўнікі Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню прывезлі запаленую ў Бэтлееме лампаду, каб перад Божым Нараджэннем падтрымаць хворых і самотных людзей. Ініцыятыву перанялі аўстрыйскія скаўты, праз год перадсвяточная акцыя стала міжнароднай. Яе падтрымліваюць на афіцыйным узроўні як кіраўнікі хрысціянскіх Цэркваў Еўропы, так і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў розных краін.
У 1998 годзе агонь быў перададзены ў 22 еўрапейскія краіны, у тым ліку ў Беларусь, дзякуючы сябрам польскага згуртавання скаўтаў ZHP. У 2008 годзе да акцыі ўпершыню далучыліся скаўты з каталіцкіх парафіяльных супольнасцяў нашай краіны.
Дэвіз сёлетняй акцыі перадачы Бэтлеемскага агню – “Любі ўчынкам”.