2 лютага ў Іўі адбудзецца фестываль калядных песень “Gloria in excelsis Deo”. Паказаць свае таленты, у атмасферы цеплыні, прыгажосці і ўтульнасці праслаўляючы Езуса, запрашаюцца дзеці і моладзь Іўеўшчыны.
Фестываль “Gloria in excelsis Deo” (“Хвала на вышынях Богу”) лічыцца адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі. Сёлета ён адбудзецца ў дваццаць другі раз. Прайшоўшы шлях ад сціплага парафіяльнага свята да маштабнага мерапрыемства, ён штогод збірае ўдзельнікаў рознага ўзросту, якія не толькі выконваюць калядныя песні, але і чытаюць вершы, танчаць, паказваюць калядныя сцэнкі.
За час існавання фестывалю ў ім бралі ўдзел выканаўцы не толькі з Іўеўшчыны, але і з розных іншых мясцін Беларусі, а таксама з замежжа. У якасці ганаровых гасцей на ім прысутнічалі беларускія каталіцкія іерархі, Апостальскі нунцый у нашай краіне арцыбіскуп Габар Пінтэр, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мясцовай улады, у цеснай супольнай працы з якімі фестываль ладзіцца штогод.
Фестываль распачнецца святой Імшой у 11.30 у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла. А 14-й гадзіне адбудзецца святочны канцэрт у Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу.
Арганізатары шчыра запрашаюць наведаць фестываль усіх ахвотных.