Рух “Сужэнскія сустрэчы” запрашае сем’і і духоўных асобаў на рэкалекцыі, якія пройдуць з 6 па 8 снежня ў Росі ў рэкалекцыйным доме “Голас Айца” (вул. Чырвонаармейская, 12).
Запрашаюцца сем’і і духоўныя асобы з Гродна, Гродзенскай вобласці і ўсёй астатняй тэрыторыі Беларусі.
Як распавядаюць прадстаўнікі руху “Сужэнскія сустрэчы”, унікальная праграма гэтых рэкалекцый, якая плённа працуе ўжо 20 гадоў, дапамагае сужэнцам з усёй краіны пераадольваць крызісы, аднаўляць эмацыйную сувязь і пашыраць разуменне паміж сабой, з дзецьмі і іншымі людзьмі.
Для духоўных асобаў распрацавана спецыяльная праграма, якая дае магчымасць аднавіць і паглыбіць адносіны з Богам праз дыялог.
Рэкалекцыі па асаблівай праграме даюць магчымасць не толькі стварыць асабісты план для паляпшэння, аднаўлення, умацавання ці рэканструкцыі адносін у сваёй сям’і, але і пачаць рэалізацыю гэтага плану ўжо ў час рэкалекцый. Па словах арганізатараў, дыялог стане ключавым інструментам, дзякуючы якому з’явіцца больш цеплыні, узаемнай павагі і разумення, радасці ад прабывання разам.
“Нашыя сем’і нарадзіліся, каб быць шчаслівымі! Запрашаем выкарыстаць гэтую магчымасць!” – дадаюць арганізатары.
Удзел у рэкалекцыях будзе асабліва карысны:
сем’ям, якія перажываюць крызіс і шукаюць выйсце, нават калі надзеі ўжо зусім мала;
сужэнцам, у якіх добрыя трывалыя адносіны, але якія імкнуцца да іх далейшага развіцця і ўмацавання;
маладым сем’ям, якія толькі пачалі сумеснае жыццё і жадаюць стварыць трывалую аснову для будучыні;
духоўным асобам, якія жадаюць аднавіць і ўмацаваць свае адносіны з Богам і людзьмі.
У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абаіх сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме. Удзельнічаць могуць усе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, якія толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў сакрамэнтальным шлюбе.
Рэкалекцыі распачнуцца ў пятніцу 6 снежня ў 18.00, скончацца ў нядзелю 8 снежня каля 15.00.
Колькасць месцаў абмежаваная, таму папярэдні запіс абавязковы. Запіс па тэлефоне:
+375 29 652 11 44
Некалькі сведчанняў ад удзельнікаў:
“Я ад’язджаю з вялікім пачуццём радасці і адзінства. Мы ачысцілі нашы адносіны ад “смецця”. Але ў той жа час я еду з рашэннем шмат чаго змяніць у сваіх паводзінах, таму што рэкалекцыі ўмацавалі мяне ў перакананні, што ў гэтым ёсць сэнс для нашага сужэнства”.
“За ўвесь час сужэнства мы вельмі мала былі разам. Дзеткі, дзеткі... Першыя гады былі вельмі цяжкімі, і мы з мужам неяк аддаліліся адно ад аднаго. З’явілася халоднасць у адносінах. І тут раптам менавіта зараз – як аказалася, у патрэбны час, – мы пабывалі на гэтых рэкалекцыях. Мы так шмат тут перапрацавалі, як быццам бы нанова пазнаёміліся. Ад’язджаем з жаданнем і далей клапаціцца пра нашы адносіны, шмат чаго сабе намецілі”.
“У нас ёсць шмат нявырашаных пытанняў і непаразуменняў. Раней, да сустрэчы з вамі, калі спрабавалі размаўляць, кожны думаў, што ён мае рацыю. Заставаліся кожны пры сваім меркаванні. Цяпер разумеем, як падыходзіць да вырашэння нашых назапашаных пытанняў. І гэта прыносіць плён ужо сёння”.
“Мы толькі ажаніліся і сумняваліся, ці трэба нам ехаць. А зараз, у канцы рэкалекцый, мы разумеем, што так шмат новага адкрылі адно ў адным. І новае разуменне дыялогу як інструмента дапаможа нам выходзіць з цяжкіх пытанняў у будучыні”.