Skip to main content

У Навагрудку 29 верасня можна прыняць шкаплер

2018 07 12 140499024729 верасня, ва ўрачыстасць святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, у парафіі Арханёла Міхала ў Навагрудку ўсе ахвотныя змогуць прыняць шкаплер.

Абрад ускладання шкаплера адбудзецца а 10-й гадзіне, яго здзейсніць пробашч навагрудскай парафіі ксёндз Юрый Жэгарын, які атрымаў на гэта благаслаўленне генеральнага настаяцеля законніцкай супольнасці міхалітаў.

Шкаплер з’яўляецца выразам і сведчаннем веры, бачным знакам заступніцтва Князя нябесных войскаў Арханёла Міхала і даверу яму. Шкаплер складаецца з дзвюх частак у форме шчыта. Частка, якая спадае на плечы, азначае імкненне быць адданым Божай волі і мець вытрымку ў выпрабаваннях. Пярэдняя частка, якая спадае на грудзі, нагадвае, што сэрца носьбіта шкаплера павінна палымнець любоўю да Бога і бліжняга, азначае імкненне адмовіцца ад эгаізму і прывязанасці да зямных спраў і каштоўнасцяў.

Нашэнне шкаплера павінна нагадваць аб хрысціянскіх абавязках і ўпэўненасці, што Арханёл Міхал – вялікі заступнік і абаронца.

Нашэнне шкаплера дае верніку наступныя ласкі:

• абарону духоўнай свабоды ў Хрысце і абарону святога Касцёла, часткай якога вернік з’яўляецца;

• ласку добрай споведзі для сябе і іншых, духоўную моц у барацьбе з залежнасцямі, мудрасць, розум у распазнанні хлуслівых вучэнняў;

• пакору сэрца, устрыманне, узрастанне ў веры;

• энтузіязм і моц духу ў распаўсюджванні Божага Валадарства ў свеце;

• збаўленне чыстцовых душаў;

• атрыманне адпустаў;

• ласку добрай смерці.

Шкаплер ні ў якім выпадку не з’яўляецца абярэгам або талісманам. Сам факт яго нашэння не вызваліць чалавека ад розных знешніх і ўнутраных праблем і не гарантуе “аўтаматычнага” збаўлення.

Умовы прыняцця і нашэння шкаплера:

• прыняць шкаплер з рук прэзбітэра або дыякана па благаслаўленні генеральнага настаяцеля законніцкай супольнасці міхалітаў;

• пастаянна насіць шкаплер на сабе;

• маліцца штодзённым простым экзарцызмам Папы Льва ХІІІ: “Святы Арханёле Міхале! Беражы нас у змаганні! Будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа. Пакорна просім: няхай яго знішчыць Пан Бог, а ты, Князю войска нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла шатана і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн”.

Каб падрыхтавацца да прыняцця шкаплера, неабходна прыступіць да сакрамэнтальнай споведзі і быць у стане атрымаць ласкі адпусту.

Шкаплер можа прыняць кожны ахвотны незалежна ад месца пражывання. Кожны год у Навагрудак прыязджаюць, каб прыняць шкаплер, людзі з розных куткоў Беларусі.

Шкаплер могуць прыняць і тыя, хто жыве ў несакрамэнтальнай сувязі (без шлюбу), аднак яны павінны мець вялікае жаданне, каб Арханёл Міхал дапамог ім вырашыць гэтую праблему.

Няма перашкодаў для прыняцця шкаплера малымі дзецьмі, хоць пажадана, каб яны былі ва ўзросце, калі ім зразумелыя асноўныя праўды веры, – найлепш пасля Першай Камуніі.

Дапускаецца прыняцце гэтага бачнага знаку аховы Арханёла Міхала ўсёй сям’ёй, у тым ліку тымі яе членамі, якія ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве.

За дадатковай інфармацыяй і зацікаўленым у прыняцці шкаплера звяртацца па тэлефоне: +375 44 552 21 99