28-29 верасня ўрачыста адзначаць 400-гадовы юбілей касцёла св. Арханёла Міхала ў Навагрудку.
Запрашаюцца ўсе ахвотныя вернікі і госці горада і краіны.
Праграма:
28 верасня
10.00 – даклад “Гісторыя храма св. Міхала Арханёла. Манахі-дамініканцы Навагрудка”
12.00 – урачыстая святая Імша
14.00 – падсумаванне вынікаў конкурсаў
18.00 – арганны канцэрт
20.30 – містэрыя “Дамініканцы Навагрудка”
29 верасня
10.00 – святая Імша
12.00 – урачыстая святая Імша з эўхарыстычнай працэсіяй
14.00 – урачысты прыём і ўручэнне памятнага юбілейнага знака
16.00 – канцэрт класічнай духоўнай музыкі
18.00 – святая Імша падзякі
Пасля правядзення галоўных урачыстасцяў мерапрыемствы, звязаныя з юбілейнай датай, будуць адбывацца да канца года.
Да кульмінацыйнага святкавання юбілею аднаго з самых значных храмаў горада і краіны праводзілася вялікая падрыхтоўка: была ўрачыста адчынена для наведвальнікаў крыпта св. Дамініка і біскупа Віта, адрэстаўраваныя капліцы ў Несутычах, Мількавічах, Навагрудку (старыя могілкі), Гарадзечне. Намаганнямі сяброў парафіі зроблена копія “Келіха Ядзвігі”, арыгінал якой быў знойдзены пры раскопках замкавага ўзвышша і вывезены ў музей Эрмітажа. Зладзілі сем канцэртаў класічнай арганна-інструментальнай музыкі ў межах фестывалю “Ars Magna Organi”, а таксама канцэрт сімфанічнага аркестра з мастацкімі калектывамі на касцёльным двары. На аснове ранейшых навукова-гістарычных даследванняў напісана рэпліка навагрудскага абраза Маці Божай Замкавай. Адбыўся пленэр вядомых беларускіх мастакоў, прысвечаны юбілею храма, з прац якіх цяпер створана пастаянная экспазіцыя. Адноўлена і палепшана прыкасцёльная плошча, усталявана калона святога Арханёла Міхала, праведзены касметычныя працы па аднаўленні касцёла звонку і ўнутры. Рыхтуецца выданне юбілейнага фотаальбома касцёла, у межах Навагрудка і раёна праводзіцца конкурс дзіцячага малюнка, а для старэйшых – віктарына, прысвечаная ведам пра касцёл.