Skip to main content

У краме пры курыі Гродзенскай дыяцэзіі можна набыць каляндар да юбілею кангрэгацыі назарэтанак

kУ 2025 годзе будзе адзначацца 150-годдзе з часу заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. З нагоды юбілею выдадзены адмысловы каляндар.

У Гродне каляндар можна набыць у краме пры курыі Гродзенскай дыяцэзіі (вул. Карла Маркса, 4).

Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта заснавала ў 1875 г. у Рыме Францішка Сядліская. Сёння назарэтанкі выконваюць сваю місію ў чатырнаццаці краінах, распаўсюджваючы валадарства Божай любові праз штодзённую малітву, а таксама праз пакорнае, ахвярнае і дбайнае служэнне бліжнім.

Супольнасць назарэтанак у Гродне паўстала ў 1908 г. У Беларусі назарэтанкі адзначыліся між іншым сваім руплівым служэннем у Навагрудку, дзе ўдзельнічалі ў аднаўленні фарнага касцёла, вялі душпастырскую дзейнасць, а ў 1943 г., падчас Другой сусветнай вайны, прынеслі ў ахвяру сваё жыццё, аддаўшы сябе на расстрэл гітлераўцам узамен за мясцовых жыхароў.

Адмысловы каляндар на 2025 год, выдадзены спецыяльна да 150-годдзя кангрэгацыі назарэтанак, дасць магчымасць больш блізкага знаёмства з іх дзейнасцю ў Беларусі. На кожнай яго старонцы – абраз з беларускай святыні, звязанай з дзейнасцю назарэтанак, і кароткае апісанне, а таксама натхняльныя словы заснавальніцы кангрэгацыі. У сярэдзіне календара змешчаны буклет з гісторыяй назарэтанак, Літанія да Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і Літанія да благаслаўлёнай Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц – мучаніц з Навагрудка.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі