Skip to main content

Распачаўся запіс на семінар “Новае жыццё ў Духу Святым”, які пройдзе ў Гродне

gift of the holy spiritРаспачаўся запіс на семінар “Новае жыццё ў Духу Святым”, які праводзіць каталіцкая евангелізацыйная супольнасць “Эхад”. Семінар будзе праходзіць у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя з 18 верасня па 6 лістапада.

Як паведамляецца на ehad.by, семінар уяўляе сабой васьмітыднёвыя рэкалекцыі, заснаваныя на індывідуальным разважанні над Божым словам.

Восем сустрэч у межах семінара будуць праходзіць па серадах і складацца з малітвы, дзялення ў групе і тэматычнай канферэнцыі. Шостая сустрэча пройдзе ў суботу (другая палова дня) і прадугледжвае малітву аб напаўненні Духам Святым.

Дазваляецца прапусціць максімум адну сустрэчу.

Узрост удзельнікаў – з 16 гадоў.

Апякун семінара – кс. Алег Пятрашка, адказная за семінар – Ірэна Канарская.

Мэты семінара:

1. Дапамагчы кожнаму перажыць асабістую сустрэчу з Богам. “Для адных гэта будзе першы досвед сустрэчы з любячым Айцом; для іншых – магчымасць здабыць адносіны з Богам, калі ўжо сустрэлі Яго раней, але не прынялі Яго запрашэння да блізкасці з Ім; яшчэ для кагосьці – шанс аднавіць адносіны з Богам, калі страцілі іх, ператварыўшы ў звычку выканання рэлігійнага культу; а для ўсіх, хто прабывае ў Божай блізкасці і любові, – нагода з радасцю адчуць, наколькі Бог добры і цудоўны”, – паведамляюць арганізатары семінара.

2. Дапамагчы кожнаму прыняць заклік да абвяшчэння Добрай Навіны, каб дапамагаць іншым аднавіць сваю веру. Арганізатары тлумачаць: “Сведчанне слова”, значыць казаць іншым пра сваю сустрэчу з Богам, пра тое, што Ён побач і ведае мяне, чуе мяне і ведае мае думкі. Пра тое, як Бог дае сілы, вядзе па жыцці і дапамагае не спатыкнуцца (асабліва адчувальна ў цяжкія моманты). “Сведчанне жыцця”, значыць праява любові да тых, хто навокал. Бог мяне напаўняе любоўю, якая выліваецца на бліжніх у выглядзе шчырасці, дапамогі, належнага выканання сваіх абавязкаў, служэння іншым сваімі талентамі, уменнямі і дабротамі. “Напрамак да крыніц”, значыць напрамак тых, хто шукае, да “месцаў”, дзе яны могуць сустрэць Бога, – напрыклад, малітоўная сустрэча, адарацыя, Божае слова, кніга і інш.”.

Каб запісацца на семінар, неабходна запоўніць анкету.

Удзельнікі семінара заахвочваюцца да штодзённай малітвы, у час якой неабходна разважаць над фрагментамі Святога Пісання, прапанаванымі на кожны дзень, і запісваць ас

абістыя перажыванні і думкі ў дзённіку, які будзе выдадзены кожнаму.

Арганізатары рэкамендуюць: не прапускаць сустрэчы; штодзённа па 15 хвілін маліцца і разважаць над Божым словам; пазбягаць у перыяд семінара менш важных рэчаў, каб мець час для Бога; карыстацца дапамогай дзённіка і занатоўваць туды ўсё, што здаецца ўдзельніку важным і нейкім чынам яго датычыцца, у тым ліку пытанні і сумненні.

Некаторыя водгукі ўдзельнікаў:

“Час семінара быў вельмі каштоўным для мяне. Тут я зноў адкрыла, што Езус любіць мяне, нягледзячы на ўсе мае грахі і слабасці, хоча, каб я прымала Яго любоў, заўсёды дае шанс змяніцца і ставіць на маім шляху людзей, якія мне ў гэтым змогуць дапамагчы”.

“Я прыйшла на семінар, каб аднавіць дары Духа Святога, якія страціла ў сувязі з сямейнымі абставінамі (сузалежнасць)… Паціху радасць і ўпэўненасць, што Пан побач, пачалі вяртацца да мяне… Цяпер я радуюся, што жыву ў свабодзе ад страхаў”.

“На семінары я ўсвядоміў патрэбу духоўнага росту. Дысцыпліна семінара пабуджае штодзённа звяртацца да Бібліі… Я маю патрэбу таго, каб рэгулярна вывучаць Біблію і разважаць над Словам у малітве”.

“Семінар дапамог мне бліжэй пазнаёміцца з Духам Святым. Дзякуючы гэтаму курсу я адкрыла, што зусім чужыя, незнаёмыя людзі могуць стаць вельмі роднымі і блізкімі”.

“Гэты семінар – магчымасць, дадзеная мне, каб зрабіць крок у духоўным развіцці”.

“З дапамогай семінара я змагла лепш пазнаць Бога, зразумець, што Ён заўсёды побач і чакае, калі мы адкрыем сэрца для Яго. Я адкрыла для сябе сілу Духа Святога, зразумела, што Ён жывы і дзейнічае ў нашым жыцці”.

“Час семінара вельмі каштоўны адчуваннем блізкасці Бога… Калі ў межах семінара штодзённа займаешся з Божым словам, сэрца напаўняецца безумоўнай любоўю Бога”.