10 жніўня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) распачнецца Навэнна да Маці Божай Барунскай. Навэнна з’яўляецца малітоўнай падрыхтоўкай да ўрачыстасці каранавання цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай.
Каранаванне абраза – кульмінацыя навэнны – адбудзецца ў санктуарыі 12 кастрычніка ў 12.00.
У межах навэнны на працягу дзевяці тыдняў будуць маліцца за Касцёл на Беларусі, за Беларусь і за ўсе сем’і. Хоць наведваць санктуарый могуць усе ахвотныя ў любы час, суботы кожнага з гэтых тыдняў умоўна прызначаны для асобных дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі:
10 жніўня – Ашмянскі дэканат
17 жніўня – дэканаты Гродна-Усход, Гродна-Захад, Сапоцкінскі
24 жніўня – Шчучынскі, Радунскі дэканаты
31 жніўня – Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Мастоўскі дэканаты
7 верасня – Навагрудскі, Слонімскі, Дзятлаўскі дэканаты
14 верасня – Лідскі дэканат
21 верасня – Іўеўскі дэканат
28 верасня – Смаргонскі дэканат
5 кастрычніка – Астравецкі дэканат
Акрамя таго, кожную суботу ў 12.00 у санктуарыі будзе цэлебравацца святая Імша для пілігрымаў.
Кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч запрашае ўсіх святароў і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі да ўдзелу ў навэнне. “Няхай каля святога абраза Маці Божай, нашай Суцяшальніцы ў Барунах, праз Яе магутнае заступніцтва засмучаныя атрымаюць суцяшэнне, хворыя – здароўе душы і цела, а прыгнечаныя і пакрыўджаныя – дапамогу і паратунак”, – жадаюць арганізатары набажэнстваў.
Для груп усіх дэканатаў, якія будуць наведваць санктуарый, будуць арганізаваны экскурсійнае абслугоўванне і гарачы абед.
Атрымаць дадатковую інфармацыю можна па тэлефоне:
+375 29 582 25 62 – кс. Павел Паўлюкевіч, кусташ санктуарыя ў Барунах
Гісторыя абраза Маці Божай Барунскай
Цудадзейны абраз Маці Божай Барунскай, ці Суцяшальніцы засмучаных, ушаноўваецца ўжо больш за тры стагоддзі. Яго гісторыя пачалася ў канцы XVII стагоддзя. Тады Маці Божая аб’явілася Мікалаю Песляку, калі той ляжаў моцна хворы і чакаў смерці.
“Чаму не задбаеш аб належным месцы для Майго абраза, які атрымаў ад Майго вернага слугі Бражыца? Хачу, каб людзі, якія просяць Майго Сына аб дапамозе ў жыцці, атрымалі яе перад Маім абразом”, – звярнулася да Мікалая Найсвяцейшая Панна Марыя.
Багародзіца паабяцала яму дапамогу: “Не клапаціся пра тое, што загадваю табе будаваць касцёл у глухой пушчы. Здзейсню, што нават тут будуць штодзённа Мяне вітаць людзі. Учыню так, што штодзённа будзеш мець нейкую ахвяру ад Маіх верных. Гэтае месца назавеш Барунамі. Тут заўсёды будуць аказаны вялікія ласкі Маім людзям, якія будуць да Мяне маліцца”.
Такім чынам, як вынікае з гістарычных крыніц, абраз быў перададзены Мікалаю Песляку як найкаштоўнейшы скарб яго сваяком, айцом Язафатам Бражыцам з ордэна базыліянаў. Мікалай зразумеў сваё прызначэнне, даў прысягу Найсвяцейшай Панне выканаць Яе пажаданне, якое атрымаў падчас моцнай хваробы, і поўнасцю выздаравеў.
У 1691 годзе ён наняў трох рамеснікаў, каб зрабіць і ўсталяваць на вызначаным месцы крыж. На ім ён змясціў абраз. Дапамога Маці Божай стала адчувацца з першай хвіліны: калі на падрыхтаванае месца змяшчалі абраз і скарбонку, згубіўся цвік. Яго знайшоў і падняў сляпы жабрак, які праходзіў міма. Хто быў гэты бяздольны чалавек, невядома, але Божая ласка дакранулася да яго, і ён пачаў бачыць.
Навіна хутка разнеслася па наваколлі, у Баруны сталі прыбываць людзі, і ўсе, хто з верай звяртаўся да Панны Марыі, адыходзілі суцешаныя і шчаслівыя.
Ахвяраванняў у скарбонцы хапала Мікалаю на кожны дзень будаўніцтва, як і абяцала Багародзіца ў сваім аб’яўленні. У 1692 годзе было завершана будаўніцтва драўлянага касцёла. Весткі аб цудах, атрыманых ад Маці Божай у Барунах, распаўсюджваліся далей. З усіх бакоў прыбывалі натоўпы людзей.
У тым жа годзе грэка-каталіцкі Мітрапаліт Кіеўскі і арцыбіскуп Полацкі Цыпрыян Жахоўскі адправіў у Баруны камісію, якая павінна была праверыць і прааналізаваць цуды. У выніку да канца студзеня 1693 года былі правераны і занатаваны 72 цуды.
Пад прысягай складаліся сведчанні аб выратаванні жыцця, вяртанні з няволі, пазбаўленні ад невылечных хвароб, навяртанні закаранелых грэшнікаў і людзей малой веры, хрысціянскай падрыхтоўцы да смерці, цудоўным выздараўленні канаючых, нават уваскрашэнні памерлых. Перад Барунскім абразом людзі атрымлівалі ў сэрцах адказы на свае пытанні. Некаторыя атрымлівалі ласку аздараўлення ў той жа момант, калі звярталіся да Нябеснай Суцяшальніцы.
Калі камісія скончыла працу, Мітрапаліт прыехаў у Баруны асабіста, каб азнаёміцца з вынікамі. 2 лютага 1693 года ён выдаў дакумент аб прызнанні абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным, а цудаў – праўдзівымі.
У 2022 г. святыня ў Барунах дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча была абвешчана санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных.