Skip to main content

“Музычная майстэрня” запрашае ўдзельнікаў

majsternia 2З 22 па 28 ліпеня ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) традыцыйна пройдзе “Музычная майстэрня” – імпрэза для музыкаў, якія жадаюць праславіць Бога праз свае таленты.

Сёлета “Музычная майстэрня” будзе юбілейнай – адбудзецца ў 20-ы раз – і пройдзе пад дэвізам “На пачатку было Слова…”.

Удзельнікі атрымаюць магчымасць наведаць майстар-класы па ігры на розных музычных інструментах, тэатральным мастацтве, сцэнаграфіі, а таксама далучыцца да шматасабовага хору, які штодзённа ўпрыгожвае святую Імшу літургічнымі спевамі. Важнай часткай насычанай праграмы “Музычнай майстэрні” з’яўляюцца канферэнцыі і супольныя вечары, на якіх удзельнікі змогуць паказаць свае таленты і бліжэй пазнаёміцца.

Арганізатары нагадваюць, што “Музычная майстэрня” – перш за ўсё інтэнсіўная праца і выдатная магчымасць праславіць Бога праз гучны супольны спеў, таму звяртаюць увагу на важнасць актыўнага ўдзелу ў малітве і рэпетыцыях.

Досвед супольнага спеву вітаецца, але не з’яўляецца абавязковым.

Узрост удзельнікаў – ад 14 гадоў (непаўналетнім патрэбны пісьмовы дазвол ад бацькоў і паўналетні апякун).

Кошт удзелу – 50 рублёў.

Па магчымасці будзе арганізаваны начлег у парафіян, але ўдзельнікам неабходна мець з сабой спальнік, турыстычны дыванок і намёт.

Прадугледжаны гарачае харчаванне на працягу дня і душ.

Рэгістрацыя перад прыбыццём абавязковая. Форма для рэгістрацыі.