3 ліпеня ў парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) будзе цэлебравана св. Імша ў інтэнцыі спачылай с. Цэцыліі Абухоўскай, былой генеральнай настаяцельніцы Інстытута Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай).
Пачатак св. Імшы ў 12.00.
Духавенства, кансэкраваныя асобы, а таксама свецкія вернікі запрашаюцца да супольнай малітвы аб вечным жыцці для спачылай.
С. Цэцылія Абухоўская нарадзілася ў 1927 годзе ў Новай Рудзе. У 1950 годзе склала манаскія абяцанні ў Інстытуце Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай). У часы ганенняў на Касцёл вяла ўкрыты лад жыцця, апекуючыся патрабуючымі. З 1959 года служыла арганісткай у парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат). У 1969 годзе распачала служэнне арганісткай і катэхеткай у парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат). На працягу 25 гадоў выконвала абавязкі генеральнай настаяцельніцы супольнасці сясцёр Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай). Адышла ў вечнасць у Доме міласэрнасці ў Каменцы 3 чэрвеня.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі