З 30 чэрвеня па 6 ліпеня запланавана Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка ў Нацыянальны санктуарый у Будславе. Завершыцца яна ўрачыстасцю ў гонар Маці Божай Будслаўскай.
Як паведамляе sdb.by, за шэсць дзён пілігрымкі ўдзельнікі пераадолеюць 105 кіламетраў шляху.
Пілігрымы будуць жывымі сведкамі Хрыста, евангелізуючы людзей, якіх сустрэнуць, паўдзельнічаюць у рэкалекцыях, будуць працаваць у групах, убачаць беларускія краявіды і, канешне, змогуць аднесці свае інтэнцыі Маці Божай Будслаўскай.
У пілігрымку запрашаюцца ўдзельнікі, узрост якіх ад 14 да 35 гадоў і стан здароўя якіх адпаведны для таго, каб ісці пяшком шэсць дзён запар.
Пры сабе неабходна мець: зручны абутак, заплечнік, рэчы асабістай гігіены, посуд, спальнік, дажджавік, палатку ці месца ў палатцы сябра.
Арганізатары нагадваюць пра неабходнасць сціплага стылю адзення падчас пілігрымкі.
Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца анлайн па спасылцы Рэгістрацыя працягваецца да 19 чэрвеня ўключна.
Па ўсіх пытаннях звяртацца да кс. Алега Каралёва SDB па тэлефоне: +375 29 122 32 44.