Skip to main content

Імша ў 30-ы дзень смерці кс. Яна Гавецкага адбудзецца ў Гродне

pahawanie gawecki 2620 сакавіка ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскі) адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі кс. Яна Гавецкага ў 30-ы дзень яго смерці.

Пачатак у 11.00.

Да ўдзелу запрашаюцца святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, каб на малітве дзякаваць Богу за дар кс. Яна і маліцца аб вечным жыцці для яго.

Ксёндз Ян Гавецкі нарадзіўся 28 сакавіка 1962 г. у Гродне. Паходзіў з парафіі Маці Божай Анёльскай.

Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 27 мая 1990 г. у гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксаверыя, у той час першай у Беларусі малой базыліцы, сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля пасвячэння адзін год быў вікарыем парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Літва). Потым вярнуўся на радзіму і ў 1991-1996 гг. быў пробашчам парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах, з 1996 да 2021 г. – пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

У 2022 г. быў прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай (св. Юды Тадэвуша) у Прывалцы (дэканат Гродна-Усход).

У памяці тых, хто сустракаўся з ім, ён застаўся як добры арганізатар розных душпастырскіх акцый і мерапрыемстваў. У час служэння ў іўеўскай парафіі ён стаў ініцыятарам правядзення там фестывалю калядных песень Gloria in excelsis Deo – адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі.

Таксама вернікі памятаюць яго як натхнёнага пілігрыма, які паклаў пачатак пешым пілігрымкам Іўеўскага дэканату ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Дзякуючы ксяндзу Яну шмат вернікаў мелі магчымасць наведваць многія санктуарыі Беларусі і замежжа.

Святар адышоў у вечнасць 20 лютага. Быў пахаваны 22 лютага на найстарэйшых каталіцкіх могілках Гродна (заснаваныя ў 1792 г.).