Skip to main content

У Вялікі пост ёсць магчымасць удзельнічаць у Lectio Divina ў гродзенскай семінарыі

bibliaСупольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне запрашае ўсіх жадаючых удзельнічаць у перыяд Вялікага посту ў духоўным практыкаванні Lectio Divina.

Сустрэчы будуць праходзіць па аўторках у 19.00 у будынку семінарыі (зала св. Яна Паўла ІІ).

Просьба мець з сабой Святое Пісанне.

Lectio Divina азначае ў перакладзе з латыні “Боскае чытанне”. Гэта род малітвы, які грунтуецца на павольным, сузіральным чытанні Святога Пісання.

Святое Пісанне заўсёды абвяшчаецца на літургіі. Акрамя таго, яго рэкамендуецца чытаць індывідуальна: не каб стаць разумнейшым, а каб спасцігнуць таямніцу разумення Хрыста.

Каб ушчыльную наблізіцца да Божага слова, патрабуюцца асаблівая ўнутраная пакора і чысціня сэрца, а таксама намаганне, каб адарвацца ад штодзённасці. “Бог гаворыць у цішыні” – такі надпіс і сёння можна сустрэць на сценах некаторых кляштараў.

Lectio Divina была вядомая ўжо ў патрыстычны перыяд (IV–V стст.). Яе развіццё адбывалася ў перыяд позняга сярэднявечча, а ў XV ст. яна амаль поўнасцю знікла. Як форма манаскай і пазаманаскай малітвы яна пачала адраджацца ў ХХ ст. з развіццём французскага біблійна-літургічнага руху.

Сёння існуе шмат форм Lectio Divina, аднак фундаментальнай асновай для дадзенай практыкі з’яўляецца апісанне, якое прапанаваў манах Гвіга ў 1173 г. Гэта крокі, якія можна параўнаць з лесвіцай з чатырма прыступкамі – духоўнымі практыкаваннямі: чытанне, разважанне, малітва і сузіранне. Гэта не набор правіл, а апісанне натуральных працэсаў развіцця малітвы: ад размовы да ўсё большага слухання.

Боскае чытанне можа быць індывідуальным і групавым. Індывідуальная практыка мае на ўвазе, што чалавек знаходзіцца сам-насам з сабой. Пры групавых чытаннях удзельнікі думаюць у прысутнасці адзін аднаго, абменьваюцца духоўным багаццем, якім іх адарыла Божае слова.