15 снежня ў Беларусь прыбудзе Агонь міру з Бэтлеема. Па традыцыі яго спачатку даставяць у катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, затым каталіцкія скаўты будуць перадаваць яго далей.
Урачыстае ўнясенне агню ў гродзенскую катэдру адбудзецца ў 11.30, у 12.00 пройдзе святая Імша, пасля якой агонь распачне падарожжа па нашай краіне.
Скаўты развязуць агонь у розныя месцы, адкуль усе жадаючыя змогуць узяць яго дадому, каб адзначаць Божае Нараджэнне ў духоўнай лучнасці з зямлёй Збаўцы.
Акцыя перадачы Бэтлеемскага агню пачалася ў 1986 годзе, калі прадстаўнікі Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню прывезлі запаленую ў Бэтлееме лампаду, каб перад Божым Нараджэннем падтрымаць хворых і самотных людзей. Ініцыятыву перанялі аўстрыйскія скаўты, праз год перадсвяточная акцыя стала міжнароднай. Яе падтрымліваюць на афіцыйным узроўні як кіраўнікі хрысціянскіх Цэркваў Еўропы, так і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў розных краін.
У 1998 годзе агонь быў перададзены ў 22 еўрапейскія краіны, у тым ліку ў Беларусь дзякуючы сябрам польскага згуртавання скаўтаў ZHP. У 2008 годзе да акцыі ўпершыню далучыліся скаўты з каталіцкіх парафіяльных супольнасцяў нашай краіны.
Дэвіз сёлетняй акцыі перадачы Бэтлеемскага агню – “Будзем чыніць мір”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі