Skip to main content

Дарога да храма. І да сябе - 5

Старонка 5 з 6: 5

 

 Ад Дзевянішак да Гервят

Першай парафіяй для ксяндза Несцюка стала Дзевянішская, дзе ён працаваў вікарыем. Потым былі Эйшышкі і, нарэшце, ужо ў якасці пробашча – Іўе. У парафіі св.св. апосталаў Пятра і Паўла налічвалася 17 тысяч чалавек. А гэта значыць, па 20-30 шлюбаў і яшчэ больш хросту ў месяц, амаль кожны дзень пахаванні, бясконцая колькасць імшаў. І ўсё гэта – на аднаго пробашча.

– Не зусім, – удакладняе кс. Леанід. – Падрыхтоўкай дзяцей займалася манахіня – гэта было вялікай палёгкай для мяне. Калі б прыйшлося ўзваліць на сябе яшчэ і катэхезу… Тым больш, што ў касцёле рабіўся капітальны рамонт.

У Іўі святар працаваў з 1984 па 1996 год. У рэжыме “нон-стоп” шлюбаваў, хрысціў, адпяваў, замяніў дах храма, адрамантаваў фасад. І стаміўся амаль да дэпрэсіі. Звярнуўся да біскупа з просьбай аб пераводзе ў маленькую, чалавек на 300-500 парафію…Так ён апынуўся ў Гервятах…

Ехаў у Гервяты без аніякіх эмоцый – чарговае месца працы. А ўбачыў храм і адразу ў яго ўлюбіўся. І ўсяго сябе аддаў яго велічнай прыгажосці: перакрыў дах, прычым аўтэнтычнай чарапіцай чэшскай вытворчасці, поўнасцю аднавіў знешні выгляд касцёла, правёў унутраны капітальны рамонт, устанавіў каваныя вароты філіграннай работы, адрэстаўрыраваў шэсць старых абразоў, простае шкло правага рада вокнаў замяніў на каляровую мазаіку…

А яшчэ разбіў вакол храма цуда-сад, у якім жывуць сотні дрэў і тысячы кветак. Зроблена столькі, што хапіла б на некалькі жыццяў… Але ад слоў пахвалы кс. Леанід рашуча адмахнуўся: маўляў, не дзеля славы робіцца. Загаварыў пра іншае, пра тое, што непакоіць не менш, чым выгляд касцёла:

– 16 гадоў назад у Гервяцкай парафіі налічвалася 3200 вернікаў. Сёння – толькі 1600, з якіх большасць – людзі пажылога ўзросту, па 80 гадоў і нават старэйшыя. Колькі яны яшчэ пажывуць? Зіму? Дзве? Летась у парафіі адбылося 52 пахаванні… Не магу не думаць пра будучыню парафіі… Што трэба рабіць, каб моладзь не збягала ў горад? Напэўна, ствараць новыя працоўныя месцы, павышаць заработную плату, ствараць умовы для жыцця на гарадскім узроўні.

…А мова, якая ў пэўныя часы была праблемаю? Процістаянне паміж літоўцамі і палякамі знікла само сабой. І тыя самыя бабулькі, якія яшчэ некалькі гадоў “ваявалі” за сваю мову, сёння падыходзяць да святара са словамі: “Можа, і не трэба, ойчанька, нам дзве імшы – хопіць адной. І якая розніца, на якой яна будзе мове?! Нашыя малітвы на любой мове Бог выслухае аднолькава”. “І гэтыя словы для мяне – як бальзам на душу.

Рэдагавана: 03 Снежня 2015