Дарога да храма. І да сябе - 4
Старонка 4 з 6: 4
Святар
Рукапаложаны ён быў 22 мая 1982 года. Пры выбары жыццёвай дарогі мной кіравала не толькі любоў да Бога, – гаворыць кс. Леанід. – Любоў да яго стварэнняў – людзей, таксама жыла ўва мне і патрабавала свайго практычнага ўвасаблення. З юнацкім максімалізмам мне хацелася прысвяціць сваё жыццё – як бы гэта выказацца дакладней? – паляпшэнню людзей. Ні больш ні менш! Я верыў, што дастаткова паказаць людзям шлях да Бога – і яны стануць іншымі: знікне варожасць, скончацца войны, не стане здрады. Мне і сёння блізкія тыя мае ідэі, а тады… Хоць усведамленне іх утапічнасці аднойчы мяне ўсё ж дагнала… Псіхолагі сцвярджаюць, што асновы характару чалавека закладваюцца ў першыя чатыры гады яго жыцця, і спробы ўнесці кардынальныя змены ў дарослым стане найчасцей застаюцца безвыніковымі. Напэўна, гэта так, хоць надзея застаецца заўсёды.
– Ведаеце, – крыху памаўчаўшы, шчыра прызнаецца ксёндз, – я не асабліва люблю даваць шлюбы. Бачыш шчаслівыя вочы закаханых, слухаеш словы іх клятвы… А недзе ў падсвядомасці ўзнікае статыстыка разводаў. Ну чаму чалавек не можа быць шчаслівым назаўжды? Чаму нярэдка ўжо праз некалькі месяцаў у вачах, якія так нядаўна гарэлі любоўю, нараджаецца нянавісць?
А споведзь… Я не пра тую “абавязковую”, на якую большасць людзей рашаецца напярэдадні вялікіх рэлігійных свят… Я пра сапраўдную споведзь – не дзеля “птушачкі”. Ведаеце, бывае слухаеш гэты самы “набор” на працягу добрай гадзіны – нават у сон пачынае хіліць. І раптам як электрычны разрад – крык чыесьці душы! Чалавек прынёс да спавядніцы ўвесь свой боль і даверыў яго табе. І ты не маеш духоўнага права адмахнуцца ад яго, не пачуць, або пачуць упаўвуха… Часам быць святаром невыносна цяжка…
– Кожны з нас нясе свой крыж. І баяцца яго не трэба – Бог кладзе на нашы плечы роўна столькі, колькі мы ў стане панесці, не больш. Іншая справа, што многія з нас самі абцяжарваюць сваю ношу. Вось, да прыкладу, нашы старыя людзі… Жанчыне пад 80 гадоў, а цэлы дзень крукам стаіць у агародзе. “Вы б, – кажу, – у санаторый лепш з’ездзілі, адпачылі б, падлячыліся”. “Няма як, паважаны пробашч, – адказвае. – Трэба дзецям дапамагаць”. А дзецям – ужо за 50 пераваліла… Балюча глядзець на такіх “зазамбіраваных” жыццём…
– Няма людзей абсалютна ўдачлівых – жыццё знаходзіць магчымасць ударыць кожнага з нас. Але адны не зацыкліваюцца на пакутах: перажыў і, зрабіўшы неабходныя вывады, пайшоў далей. А другія з любой дробязі гатовы зрабіць трагедыю і дэманстраваць яе кожнаму стрэчнаму…
– Як гэта ні парадаксальна гучыць, мне падабаюцца пахаванні. Гляджу на спрацаваныя рукі старога чалавека, якія ляжаць без справы, можа, упершыню ў жыцці, і разумею: іх гаспадар адбыў сваё “чысцілішча” тут, на зямлі, і сёння ён трапіў у неба. Грахі? Хто з нас іх не мае! Але кожны грэх можна адмаліць. Акрамя самагубства, напэўна…
– Да Бога можна звяртацца з просьбамі. Прасі, што хочаш – Ён пачуе. Але памятай, што можаш разлічваць роўна на столькі, колькі ты сам гатовы аддаць іншым…