Дарога да храма. І да сябе - 2
Старонка 2 з 6: 2
У жыцці, асабліва ў пачатку яго даросласці, здараюцца перыяды, калі кожную новую раніцу ты сустракаеш са шчаслівай усмешкай, калі гармонію здольны знайсці нават у відавочным абсурдзе. Сутнасць гэтага перыяду апрыёры ідэалізаваная, а назва вельмі канкрэтная – першае каханне… Ох, якім чыстым, прыгожым, усёпаглынальным і засцяшчым вочы яно бывае! Асабліва ўзаемнае. Менавіта такое, якое здарылася ў нядаўняга школьніка Леаніда. Здарылася, і ўся неабсяжнасць Сусвету для яго ўмясцілася ў вачах каханай дзяўчыны. І, канешне ж, іх каханне было асаблівым – вечным, і разлучыць магла толькі смерць…
А разлучыў ваенкамат, але абое былі ўпэўнены: за два гады іх каханне толькі ўзмоцніцца. Марфлот? Ну, значыць, за тры…
Камсорг карабля
1974 – 77 гг. Ваенна-марскія сілы Украіны, горад Севастопаль.
На малы ракетны карабель “Віхор” пасля сямімесячнай вучэбкі Леанід трапіў у якасці радыётэлеграфіста. І літаральна назаўтра яго накіравалі на камбуз – падаваць на сталы чыгункі з кашамі ды супамі. Белы каўпак, стэрыльны фартух…
–Эй, ты, Беласнежка, – раздаўся раптам грубы воклік яўнага “дзеда”, – што за “парашу” ты нам прынёс?
–Што далі, тое і прынёс, – паціснуў плячыма матрос Нясцюк і, паставіўшы чыгунок на стол, накіраваўся за чарговым.
…Пушчаная ўмелай рукой талерка прасвістала літаральна ў сантыметры ад яго вуха, ударылася з лёту аб сцяну і брызнула ва ўсе бакі дзясяткамі дробных асколкаў. Леанід азірнуўся, зразумеў, чыіх рук гэта справа. І на хаду сарваўшы каўпак і фартух, скамячыў іх і кінуў крыў-дзіцелю проста ў твар –“Жары!”. Крута развярнуўся і пайшоў у радыёрубку: што будзе далей? “Разнос” ад камандзіра? Гаўптвахта? Спісанне на бераг? Помста “дзядоў”?..
…Камандзір аддзялення сказаў яму ўсяго адну фразу: “Больш на камбуз ты не пойдзеш”, а стараслужачыя не толькі не сталі зводзіць рахункі – сталі паважаць. Ды і ўсе астатнія хутка прыкмецілі: матрос Нясцюк несправядлівасці не церпіць.
Недзе праз два-тры месяцы Леанід стаў камсоргам карабля. І ўжо на гэтым жыццёвым адрэзку праявілася яго здольнасць слухаць і суперажываць – матросы часта спынялі камсорга, каб пагаварыць. Прычым, як правіла, на нейкія “вечныя” тэмы.