Skip to main content

Дарога да храма. І да сябе - 3

Старонка 3 з 6: 3

 

…А на трэці год службы прыйшло пісьмо ад каханай: “Прабач, выходжу замуж…”. Тое “прабач” перавярнула жыццё Леаніда, прымусіла задумацца над непрывычнымі для маладога чалавека паняццямі: што такое здрада, ці ёсць наогул у свеце пастаянства? – Гэтае каханне было адзіным у маім жыцці, – прызнаецца суразмоўца. – Новага я ніколі больш сабе не дазволіў.

Семінарыст

Да рэлігіі ён быў прывучаны з маленства – бацькі, хоць і жылі далёка ад радзімы, веры сваёй не выракліся – на сцяне іх дома заўсёды вісеў абраз “Сэрца Пана Езуса”, у шафе стаяў крыжык, і ўсе рэлігійныя святы адзначаліся традыцыйна. Вера і рэлігійныя традыцыі старанна захоўваліся ў многіх дамах Паўночна-заходняга, у якіх жылі сем’і ссыльных немцаў і літоўцаў.

Бабуля Марыяна, да якой Несцюкі пераехалі пазней, была наогул вельмі рэлігійным чалавекам – у яе руках амаль пастаянна былі або ружанчык, або малітоўнік. Але выбар Леаніда вызначыла ўсё ж не яна…

Аднойчы хлопец трапіў у Каўнаскую семінарыю, адзіную на тэрыторыі СССР вышэйшую ўстанову, у якой рыхтавалі каталіцкіх святароў. Леанід хадзіў па яе калідорах, заглядваў у аўдыторыі, у капліцу – і амаль фізічна адчуваў, як недзе ўнутры, у глыбінях душы спее пэўнае рашэнне…

Ён не прызнаўся нікому, што падаў дакументы ў семінарыю – а раптам не прымуць?.. Сказаў пра гэта толькі пасля таго, як адкрыў канверт з паведамленнем аб занятках. Бацька ў адказ паціснуў плячыма. Маўляў, сваім жыццём ты маеш права распараджацца сам. А маці… Маці, канешне ж, заплакала…

Рэдагавана: 03 Снежня 2015