Прапануем цікавы матэрыял пра жыццёвы шлях і пастарскую паслугу святара з Гродзенскай дыяцэзіі, кс. Леаніда Несцюка, пробашча Гервяцкага касцёла Святой Тройцы.
Нарадзіўся Леанід у Валагодскай вобласці – менавіта туды ў пошуках прыстанішча і далей ад гневу родных прыехалі ў свой час маладажоны Пётр і Браніслава Несцюкі. Не, сям’я Пятра нічога супраць яго абранніцы не мела, затое бацькі Браніславы падобны “мезальянс” прыняць не маглі: “Гэта ж падумаць: літоўка, а замуж сабралася за беларуса!..”.
– Праз некалькі гадоў бабуля прыняла выбар свае дачкі, – расказвае Леанід, – тым больш, што, насуперак яе сумным прагнозам, шлюб аказаўся ўдалым – тата і мама кахалі адзін аднаго ўсё жыццё. Настолькі, што, калі ў 2002 годзе таты не стала, мама правалілася ў глыбокую дэпрэсію, “выцягнуць” з якой да канца нам яе так і не ўдалося. У 1969 годзе – Леанід акурат закончыў восем класаў Паўночна-заходняй школы – бабуля стала прасіць іх вярнуцца на радзіму, і бацькі пачалі збіраць пажыткі.
…Сям’я Несцюкоў стала жыць у Варэнскім раёне, але, паколькі рускамоўнай школы паблізу не было, Леаніду, каб працягнуць адукацыю, давялося ехаць у Вільно. Пасля заканчэння школы ён уладкаваўся на працу ў Вільнюскі навукова-даследчы інстытут цеплаізаляцыі.