20 лютага пры парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбыўся велікапосны дзень засяроджання для міністрантаў.
Сустрэчу правёў душпастыр літургічнай службы алтара парафіі кс. Андрэй Белаблоцкі, які прапанаваў удзельнікам паразважаць пра асобу благаслаўлёнага Карло Акуціса.
Благаслаўлёны, які жыў у 1991-2006 гг., з’яўляецца актуальным прыкладам для сучаснай моладзі. За пятнаццаць гадоў жыцця ён назаўсёды пакінуў след на зямлі. Ён быў звычайным падлеткам з адной асаблівасцю – бясконцай любоўю да Хрыста і жаданнем пазнаёміць з Ім усіх і кожнага.
“Нам пашанцавала нашмат больш, чым апосталам, якія жылі з Езусам дзве тысячы гадоў таму. Нам, каб сустрэць Яго, дастаткова проста зайсці ў святыню. Ад нас да Ерузалема рукой падаць”, – казаў Карло.
У 2002 г. у яго з’явілася думка зрабіць выставу пра цуды, якія здзейсніліся дзякуючы веры. Ён стварыў сайт “Эўхарыстычныя цуды свету”, дзе сабрана інфармацыя на розных мовах, у тым ліку на рускай. На стварэнне сайта, арганізацыю і правядзенне выставы ў розных гарадах Італіі і свету спатрэбілася тры гады.
"Пасля набажэнства Карло заўсёды затрымліваўся для сузірання і часта прыступаў да споведзі, бо “падобна таму, як паветраны шар, каб падняцца на вышыню, павінен скінуць баласт, так і душы неабходна пазбавіцца ад цяжару лёгкіх грахоў, каб узляцець да Нябёсаў”.
“Смутак, – пісаў ён у дзённіку, – гэта позірк, накіраваны на самога сябе, а шчасце – позірк, накіраваны да Бога. Навяртанне заключаецца ў тым, каб перавесці позірк з нізкага на высокае. Дастаткова толькі простага руху вачэй”.
Нават сваю хуткую смерць ад лейкеміі, якая настала 12 кастрычніка 2006 г. у Монцы, ён лічыў дарам ад Бога і ахвяраваў свае цярпенні за Папу і Касцёл.
Пазнаёміўшыся з гісторыяй жыцця гэтага благаслаўлёнага, міністранты прынялі пастанову перажываць сёлетні Вялікі пост сапраўды па-Божаму, углядаючыся ў крыж Езуса Хрыста і ідучы шляхам, які ўказаў Бог.