21 лютага ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры (дэканат Гродна-Захад) адбылася святая Імша ў інтэнцыі памерлага а. Казіміра Жыліса SJ.
У 1983-2000 гг. айцец Жыліс быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці і назаўсёды пакінуў след у сэрцах яе вернікаў.
Імшу з удзелам шматлікіх парафіян, якія пажадалі выказаць удзячнасць Богу за дар руплівага святара, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Гамілію прамовіў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх адзначыў, што а. Казімір умеў ставіць патрабаванні сваім парафіянам і дзякуючы гэтаму змог цалкам змяніць аблічча парафіі.
Ён, па словах біскупа, быў для парафіян вялікім аўтарытэтам, таму дзякуючы яго святарскаму служэнню ў наваколлі ўдалося аднавіць маральнасць і пачуццё прыналежнасці да вялікай сям’і Касцёла.
Святар вучыў вернікаў, што на першае месца заўсёды трэба ставіць Пана Бога, бо ад Яго чалавек атрымлівае ўсё і дзякуючы Яму можа рэалізоўваць сваё штодзённае жыццё і пакліканне.
У парафіі ў Індуры а. Казімір Жыліс шмат часу прысвячаў барацьбе з алкагалізмам, быў у гэтым пытанні вельмі цвёрдым і паслядоўным. Для яго было важна, каб людзі жылі згодна з Божымі загадамі, а Бог, Касцёл, хрысціянскія каштоўнасці адыгрывалі ключавую ролю ў іх жыцці.
Вернікі парафіі ўдзячныя свайму былому пробашчу, які пакінуў у іх супольнасці частку свайго сэрца. Айцец Жыліс казаў, што хацеў бы быць пахаваны каля мясцовай святыні, ля велічнай фігуры Пана Езуса Журботнага.
Але ў Бога свае планы, Яго прысуды неспазнаныя. Літовец па нараджэнні, які працаваў некалькі гадоў ва Украіне, а потым большасць гадоў свайго святарскага шляху прысвяціў служэнню ў Беларусі, а. Казімір быў пахаваны на Павонзкаўскіх могілках – самым старэйшым і вядомым варшаўскім некропалі, дзе чужая зямля аказала яму гасціннасць.
Кс. Юрый Марціновіч