19 лютага ў Варшаве адбылося пахаванне а. Казіміра Жыліса SJ. Святая Імша цэлебравалася ў санктуарыі св. Андрэя Баболі, дзе спачылы святар служыў апошнія чатыры гады.
На Эўхарыстыі сабраліся айцы езуіты – сабраты а. Жыліса, сёстры законныя і вернікі. Прысутнічалі таксама беларусы, якія пражываюць у Польшчы і сустракаліся ў сваім жыцці з а. Казімірам.
Прыбылі і святары, якія раней служылі ў Гродзенскай дыяцэзіі: кс. прэлат Яраслаў Грынашкевіч, былы рэдактар дыяцэзіяльнай газеты “Слова Жыцця”, кс. канонік Раман Катлімоўскі, былы выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, і кс. Андрэй Скамарошка, які паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі і зараз вывучае літургіку ў Вармінска-Мазурскім універсітэце ў Ольштыне.
Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Варшаўскай архідыяцэзіі Рафал Маркоўскі, гамілію прамовіў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу на асобу св. каралевіча Казіміра, імя якога насіў спачылы езуіт, дадаўшы, што айцец Жыліс хваліў сваёй душой Пана.
Біскуп ад імя ўсіх вернікаў Беларусі і іх пастыраў падзякаваў за дар, якім было жыццё а. Казіміра, за час яго служэння і сустрэч з ім. Іерарх узгадаў таксама пра сваю асабістую сустрэчу з ім у 1984 г., дадаўшы, што ўдзячны гэтай сустрэчы сваім святарскім пакліканнем.
На заканчэнне Эўхарыстыі да прысутных звярнуўся Пасол Літвы ў Польшчы Эдуардас Барысовас, які адзначыў, што а. Казімір усім сэрцам быў уключаны ў жыццё літоўскай супольнасці ў Польшчы.
Айцец Войцех Жмудзінскі SJ зачытаў між іншым спачувальныя лісты, якія паступілі ад беларускіх біскупаў: Ганаровага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі, біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.
У спачуваннях, перададзеных Настаяцелю Велькапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што сваім руплівым, ахвярным служэннем айцец Казімір зрабіў вялікі ўнёсак у справу адраджэння рэлігійнага і касцёльнага жыцця на гродзенскай зямлі.
“Сёння мы ўдзячныя Пану Богу за дар спачылага айца Казіміра, за яго сапраўдную любоў да Хрыстовага Касцёла, за тое, што ён заўсёды будаваў сваё акружэнне сваё моцнай, простай верай, руплівасцю ў Божым служэнні, любоўю і чуласцю да кожнага, каго сустракаў”, – напісаў іерарх.
Айцец Казімір Жыліс быў пахаваны на Павонзкаўскіх могілках, самым вядомым і старажытным некропалі Варшавы.
Кс. Юрый Марціновіч