17 лютага Папяльцовай серадой пачаўся чарговы Вялікі пост. Для хрысціян гэта час пакаяння, калі Касцёл заклікае асабліва практыкаваць учынкі, якія служаць навяртанню сэрцаў.
У гэты дзень біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. На пачатку Імшы іерарх падкрэсліў, што мы ўваходзім у чарговы перыяд Вялікага посту, які са сваёй дабрыні дае Пан Бог.
Біскуп адзначыў, што ў гэты першы дзень новага літургічнага перыяду, які заўсёды пачынаецца з абраду пасыпання галоваў попелам, мы асаблівым чынам пакліканы задумацца над тым, што мы прах і ў прах вернемся, а таксама што мы пакліканы да навяртання.
Іерарх дадаў, што наша жыццё на зямлі вельмі хутка праходзіць, таму трэба пражыць яго так, каб заслужыць удзел у Нябесным Валадарстве.
“На парозе Вялікага посту зробім пастанову выправіцца і адмовімся ад грэшнага жыцця, якое аддаляе нас ад Бога”, – сказаў біскуп.
Ён заклікаў разважаць у гэты час над Божым словам і ўзірацца ў крыж Збаўцы, каб на заканчэнне гэтага перыяду з чыстым сэрцам і адноўленым духам перажываць радасць велікодных святаў.
Падчас Імшы біскуп і святары пасыпалі галовы вернікаў попелам, як заклік да пакаяння і навяртання. Гэты абрад кажа пра тое, што ўсё матэрыяльнае і часовае праходзіць, а Бог з’яўляецца вечным, Ён адарыў людзей несмяротнай душой і абяцаў вечнае шчасце ў небе.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сялiцкая