Паводле рашэння Папы Францішка, літургічны ўспамін святых Марты, Марыі і Лазара будзе адзначацца штогод 29 ліпеня. Таксама ў Агульны рымскі каляндар былі ўнесены неабавязковыя ўспаміны трох Дактароў Касцёла.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дэкрэт Кангрэгацыі Божага культу падкрэслівае важнае евангельскае сведчанне брата і сясцёр, якія прынялі Езуса, слухалі Яго і верылі ва ўваскрасенне і жыццё.
Да гэтага часу ў Рымскім календары існаваў толькі ўспамін св. Марты. „У доме ў Бэтаніі Пан Езус адчуў сямейны дух і сяброўства Марты, Марыі і Лазара, і таму Евангелле паводле Яна сцвярджае, што ён іх любіў. Марта шчодра прапанавала Яму гасціннасць, Марыя паслухмяна прымала Яго словы, і Лазар хутка выйшаў з магілы па загадзе Таго, Хто прынізіў смерць”, – гаворыцца ў дэкрэце.
У тэксце тлумачыцца, што „традыцыйная няўпэўненасць Лацінскага Касцёла” адносна асобы Марыі была развеяна нядаўнімі даследаваннямі і фактам таго, што Рымскі мартыралог змяшчае ўспамін Марыі і Лазара ў той самы дзень. Акрамя таго, успамін Марты, Марыі і Лазара сустракаецца ў некаторых мясцовых календарах.
Да дэкрэта далучаюцца літургічныя тэксты, перакладам якіх зоймуцца мясцовыя біскупскія канферэнцыі.
Таксама Папа загадаў уключыць у Агульны рымскі каляндар неабавязковыя ўспаміны трох Дактароў Касцёла: св. Грыгорыя Нарэцкага (27 лютага), св. Яна Авільскага (10 мая) і св. Хільдэгарды Бінгенскай (17 верасня).
Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў апублікавала адпаведны дэкрэт.