25 снежня, які і штогод, моладзь парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) са сваім душпастырам кс. Раманам Вайцяховічам сабралася на аплаткавай сустрэчы.
У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй колькасць прысутных была значна меншай за звычайную.
На пачатку сустрэчы святар прачытаў урывак з Евангелля паводле Лукі, а потым звярнуўся да моладзі са словам. Ксёндз Раман падзякаваў удзельнікам за прысутнасць, падтрымку і сведчанне веры, а таксама нагадаў пра сэнс і традыцыю дзялення аплаткай.
На працягу вечару маладыя людзі маглі выказаць адзін аднаму святочныя віншаванні, папрасіць прабачэння і падзякаваць.
Вечар завяршыўся салодкім пачастункам і танцамі.
Акрамя таго, на пачатку сёлетняга Адвэнту моладзь парафіі наладзіла гульню “Дзіцятка”. Яе сэнс у тым, што кожны піша на паперцы сваё імя, а пасля жараб’ёўкі атрымлівае паперку з іншым іменем. На працягу Адвэнту кожны моліцца за сваё “дзіцятка”, а на Божае Нараджэнне робіць яму падарунак.
У гэтым годзе гульня адбылася анлайн праз адпаведную старонку.
Яна Чайко
Фота: Рэната Міскаузая