8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання. Гэты час семінарысты прысвяцілі асабістай і супольнай малітве, а таксама роздуму ў цішыні.
Праграма дня засяроджання была насычанай: на працягу дня семінарысты мелі магчымасць разам маліцца Ружанец і Літургію гадзінаў, а таксама ўдзельнічаць у супольнай Эўхарыстыі. З нагоды марыйнай урачыстасці студэнты разам са святарамі праспявалі ў семінарыйнай капліцы Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці.
Духоўныя практыкаванні правёў ксёндз Валянцін Станкевіч з парафіі ў Волме (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Ён шчыра і шчодра падзяліўся з навучэнцамі сваім 21-гадовым досведам пастырскага служэння – як духоўным, так і практычным.
“Кожны з нас перажывае пэўныя крызісы. Не трэба баяцца іх! Няхай яны стануць добрай нагодай, каб разабрацца ў іх крыніцы, каб паглядзець на ўласнае сэрца. Час фармацыі ў семінарыі – гэта магчымасць назапасіць скарбы, якія ў будучыні дапамогуць у святарскім служэнні”, – сказаў ксёндз Валянцін.
Урачыстую святую Імшу ў семінарыйнай капліцы ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На пачатку Эўхарыстыі іерарх падкрэсліў, што 8 снежня лічыцца патранальнай урачыстасцю гродзенскай семінарыі, і заклікаў яшчэ раз па-сямейнаму прытуліцца да Беззаганнага Сэрца Марыі.
“Прысвецім семінарыю – сэрца дыяцэзіі – матчынаму Сэрцу Багародзіцы”, – дадаў ён.
Пасля Імшы ўсе прысутныя, згодна з просьбай арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, прысвяцілі сябе і сітуацыю ў Беларусі Безаганнаму Сэрцу Марыі.
Арцём Кір'янаў
Фота: Павел Леановіч