Skip to main content

Дзеці з парафіі ў Крамяніцы падрыхтавалі для пажылых людзей спектакль

kremianicaПадчас адвэнтавага чування дзеці з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат) падрыхтавалі для пажылых людзей малітоўны спектакль «Сустрэча з Паннай Марыяй».

У спектаклі Марыя, як Ранішняя Зорка, чакае прыйсця Пана Езуса і сваім прыкладам вучыць чуйнасці. Адным з элементаў спектаклю былі пяць евангельскіх жанчын, якія клапаціліся пра алей да прыйсця Жаніха (Мц 25, 1-13).

Маладыя артысты, спасылаючыся на цяперашні літургічны перыяд, заахвоцілі гледачоў падрыхтаваць свае сэрцы для Езуса, а пустыя яселькі нагадвалі пра хуткае нараджэнне Збаўцы. 

У сувязі са складаным перамяшчэннем для пажылых людзей артысты наведалі вёскі, дзе жывуць людзі сталага ўзросту, каб асвятліць іх жыццё супольнай малітвай. 

Пажылыя парафіяне з Дзеркачоў, Ялуцавіч і Падбалоцця былі ўдзячныя за памяць, малітву і наведванне. Яны пачаставалі дзяцей салодкімі падарункамі. Сустрэчы яшчэ чакаюць парафіяне з Падгрушан і Станелевіч. 

С. Аўгустына Белагрывая СSC