4 снежня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выдаў Распараджэнне, якім з улікам складанай эпідэміялагічнай сітуацыі акрэслівае парадак правядзення аплаткавых сустрэч, пастырскага наведвання сем’яў і ўсталявання батлеек у святынях і побач з імі ў Гродзенскай дыяцэзіі.
У сувязі з эпідэміяй каранавірусу, у клопаце аб духоўным і фізічным здароўі вернага народу, прымаю рашэнне ўвесці на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі некаторыя абмежаванні, якія датычаць парафіяльнага душпастырства, з мэтай пазбегнуць заражэнняў і абмежаваць распаўсюджанне віруснай інфекцыі:
1) адмяняюцца традыцыйныя аплаткавыя сустрэчы для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі;
2) у парафіях, паводле разважлівага меркавання пробашчаў, можна запрасіць на аплаткавую сустрэчу, якой папярэднічае спецыяльная святая Імша або іншае адпаведнае набажэнства, прадстаўнікоў асобных катэгорый вернікаў (дзяцей, моладзь, сем’і і інш.), каб памаліцца ў іх інтэнцыі, а пасля заканчэння набажэнства сімвалічна падзяліцца аплаткамі, па меры магчымасці захоўваючы правілы эпідэміялагічнай бяспекі;
3) традыцыйныя душпастырскія візіты ў сем’і з благаслаўленнем дамоў або памяшканняў (так званая Каляда) могуць адбывацца выключна па запрашэнні асобных сем’яў або людзей, з захаваннем рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і раней выдадзеных распараджэнняў касцёльных уладаў;
4) традыцыйныя батлейкі ў касцёлах і капліцах або побач з імі належыць устанавіць такім чынам, каб выключыць магчымасць збірання каля іх празмернай колькасці людзей;
5) шаноўных святароў прашу наведваць з сакрамэнтальнай паслугай хворых і пажылых людзей выключна па іх выразным пажаданні, захоўваючы пры гэтым усе сродкі асцярогі.
На плённае духоўнае перажыванне Адвэнту і святаў Божага Нараджэння сардэчна благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 04.12.2020
№ 377/20