6 снежня, у ІІ Нядзелю Адвэнту, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі будзе адзначацца Дзень удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе.
У Польшчы гэты дзень, які праходзіць па ініцыятыве каталіцкага епіскапату, мае назву Дзень малітваў і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе і будзе адзначацца ўжо ў 21-ы раз. Традыцыйна ён арганізуецца Супольнасцю дапамогі Касцёлу на Усходзе пры сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы.
Мэта гэтага дня – наданне асаблівай увагі Каталіцкаму Касцёлу, які адраджаецца ў краінах Усходняй Еўропы, Расіі і Цэнтральнай Азіі, а таксама падтрымка ўсялякіх ініцыятываў, што прадпрымаюцца на карысць евангелізацыі Усходу. У яго межах адбываецца збор ахвяраванняў на будаўніцтва і аднаўленне святыняў, катэхетычных памяшканняў, падтрымку евангелізацыйных, душпастырскіх, фармацыйных і дабрачынных ініцыятыў. Сёлета ініцыятыва пройдзе пад знакам салідарнасці з католікамі ў Беларусі.
Усе вернікі заахвочваюцца да малітвы ў інтэнцыі дабрадзеяў Касцёла, пры дапамозе якіх узводзяцца і аднаўляюцца ў нашай краіне святыні і ажыццяўляюцца розныя душпастырскія праекты.
Напярэдадні ІІ нядзелі Адвэнту падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 2 снежня, Святы Айцец Францішак выказаў падзяку Касцёлу ў Польшчы за духоўную і матэрыяльную падтрымку каталіцкіх супольнасцяў ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
“У нядзелю ў Польшчы будзе праходзіць Дзень малітвы і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе. Заахвочваю вас да ўдзелу ў гэтай важнай ініцыятыве і дзякую ўсім, хто дзейнічае на карысць суседніх Касцёлаў у духу братэрскай любові. Няхай Бог вас благаславіць!” – сказаў Папа.
Кс. Юрый Марціновіч