16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, Маці Божай Вастрабрамскай, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў капліцу ў Кваторах, якая належыць да парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы.
Іерарх асвяціў алтар, у цэнтры якога змешчаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай.
Пробашч парафіі а. Вальдэмар Слота CSsR ад імя групы мясцовых вернікаў, якія сабраліся ў капліцы, выказаў радасць з таго, што гэтую невялікую частку Касцёла наведаў іх пастыр.
У сваю чаргу біскуп падзякаваў пробашчу за ахвярнае служэнне і клопат аб верніках, даручаных яго апецы. Іерарх заахвоціў парафіян у гэты цяжкі час, калі ўвесь свет змагаецца са страшнай эпідэміяй каранавірусу, даверыць Маці Міласэрнасці ўсе свае штодзённыя клопаты і прасіць аб ласцы здароўя для ўсіх хворых, церпячых, тых, хто імі апякуецца, а таксама прасіць Бога аб спыненні пандэміі.
На заканчэнне сустрэчы з вернікамі біскуп удзяліў ім пастырскае благаслаўленне, а на памяць пра гэты дзень уручыў абразкі, запэўніўшы ў малітвах за ўсіх, хто ўтварае Гродзенскую дыяцэзію.
Кс. Юрый Марціновіч