7 кастрычніка ў парафіі св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. Да гэтага дня вернікі супольнасці па ініцыятыве пробашча кс. Віктара Захарэўскага рыхтаваліся з дапамогай навэнны.
На Імшы ў велічнай святыні сабраліся шматлікія парафіяне і вернікі з іншых парафій. Прыбылі святары, у тым ліку кс. Здзіслав Пікула SDB, які быў пробашчам гэтай парафіі шмат гадоў. Ён праслужыў у Варнянах амаль 25 гадоў: з пачатку аднаўлення парафіі і касцёла. Сёлета кс. Пікула адзначае 35-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння, таму ў гэты дзень яго былыя вернікі выказалі яму сардэчныя віншаванні.
Святую Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці ўзначаліў кс. Томаш Мікалайчык, якому 27 чэрвеня ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне. У гаміліі ён нагадаў пра св. Дамініка, якому Маці Божая перадала ружанец, растлумачыла, як на ім маліцца, і папрасіла распаўсюджваць гэтае набажэнства.
Ксёндз Мікалайчык нагадаў, што святы Дамінік лічыў гэтую малітву містычным садам, “каронай з ружаў” Найсвяцейшай Панны Марыі, адкуль і паходзіць назва “Ружанец”. Дзецям святар расказваў пра тое, як Марыя аб’явілася дзецям і заахвочвала іх маліцца на ружанцы.
Таксама новапрэзбітэр распавёў пра сваё пакліканне. Ён адзначыў, што як апосталы Пётр і Андрэй, Якуб і Ян – родныя браты, пакліканыя Хрыстом, так пробашчы парафій у Варнянах (кс. Віктар Захарэўскі) і Міхалішках (кс. Анатоль Захарэўскі), ён і яго брат кс. Эрнэст Мікалайчык – таксама пакліканыя Хрыстом.
Малады святар заахвоціў прысутных маліцца на ружанцы за тых, хто прыняў запрашэнне Хрыста служыць у Касцёле, і аб новых пакліканнях да святарства, кансэкраванага жыцця і місіянерскай дзейнасці.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні. Затым пробашч парафіі выказаў усім удзячнасць за дар супольнай малітвы. Прысутныя атрымалі абразкі на памяць ад галоўнага цэлебранта і свайго былога душпастыра, якога вельмі шануюць і любяць.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Віталій Спірыдон