З нагоды ўспаміну св. Францішка Асізскага, які Касцёл адзначае 4 кастрычніка, у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат), дзе знаходзіцца абраз святога Францішка, прайшла адпустовая ўрачыстасць.
У вігілію ўспаміну ў парафіі адбылося набажэнства пад назвай Transitus, што азначае пераход – пераход святога Францішка ад жыцця на зямлі да вечнага жыцця ў Нябесным Валадарстве.
На змярканні ў цішыні францішканскага касцёла вернікі, трымаючы запаленыя свечкі, слухалі пра апошнія хвіліны жыцця святога і разважалі аб тым, што яго асоба можа быць прыкладам для наследавання. Да гэтага заклікаў і пробашч парафіі айцец Багуслаў Вуйтовіч. Святар адзначыў, што ў Каталіцкім Касцёле ёсць шмат святых і трэба ўважліва прыгледзецца да іх жыцця, наследаваць яго, бо яно з’яўляецца дарогай да святасці.
Пасля ранішняй Эўхарыстыі адбыўся Ружанец і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту як заканчэнне 40-гадзіннага набажэнства, якая працягвалася да наступнай Імшы. На літургію па запрашэнні пробашча прыбылі святары з суседніх парафій: дэкан Ашмянскага дэканату ксёндз Ян Пузына, вікарый парафіі ў Ашмянах ксёндз Ян Варанецкі і пробашч парафіі ў Цудзенішках ксёндз Юрый Ёдзік.
Урачыстую Ішму ўзначаліў кс. Юрый Ёдзік. У гаміліі кс. Ян Пузына засяродзіўся на постаці святога Францішка. Таксама ён разважаў над тым, што трэба рабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця. Адказ на гэтае пытанне, па яго словах, вельмі просты і разам з тым складаны: жыць паводле Божых наказаў. Сённяшні чалавек хацеў бы змяніць Божыя наказы, але Бог даў нам іх, каб тыя, хто іх выконвае, маглі быць разам з Ім у Нябесным Валадарстве, адзначыў святар.
Айцец Багуслаў Вуйтовіч шчыра падзякаваў святарам і вернікам за ўдзел ва ўрачыстасці. З асаблівымі словамі падзякі пробашч парафіі звярнуўся да ксяндза дэкана Яна Пузыны, які пасля цяжкай і працяглай хваробы знайшоў сілы і час маліцца разам з імі.
Кс. Юрый Марціновіч