6 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Божай Міласэрнасці ў Гродне.
Падчас Эўхарыстыі больш за 70 чалавек прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
Святую Імшу іерарх цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці. Ён маліўся асаблівым чынам за кандыдатаў да канфірмацыі, каб яны кожны дзень стараліся выконваць абавязак, які чалавек прымае ў гэтым сакрамэнце, – мужна вызнаваць сваю веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.
Звяртаючыся да моладзі і старэйшых вернікаў, якія прымалі сем дароў Духа Святога ў канфірмацыі, біскуп падкрэсліў, што гэты сакрамэнт патрэбны, каб распазнаваць Божую волю і дзейнічаць паводле яе, а таксама несці святло Хрыстовага Евангелля ў месцы сваёй вучобы і працы.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў бацькам маладых людзей і катэхетам, якія прычыніліся да рэлігійнага выхавання маладога пакалення – надзеі Касцёла і народа.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі