5 кастрычніка вернікі парафіi Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) прывіталі свайго новага душпастыра.
Згодна з рашэннем біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці быў прызначаны а. Aркадзь Куляха OCD. Ён замяніў на гэтай пасадзе а. Казіміра Мараўскага OCD, які быў пробашчам у Гудагаі з 2003 г.
Увядзенне новага пробашча на пасаду здзейсніў дэкан Астравецкага дэканату кс. Канонік Юзаф Багдзевіч. Ён прадставіў парафіянам іх новага душпастыра і заахвоціў маліцца, каб той мог верна выконваць свае абавязкі.
Айцец Аркадзь Куляха, які апошнія 20 гадоў служыў супольнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, а таксама пiнчукам на Палессi, запэўніў, што будзе старацца атачаць сваіх парафіянаў вялікім клопатам і служыць ім ад усяго сэрца. Са свайго боку яны паабяцалі заўсёды памятаць пра новага айца іх парафіяльнай сям’і у малітвах.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: а. Юрый Находка OCD