4 кастрычніка на ўрачыстай Імшы з нагоды распачацця ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне новага навучальнага года 2020/2021 сабраліся яго адміністрацыя, выкладчыкі і навучэнцы.
Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, адбылася ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) у Гродне.
Іерарх цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую навучальную ўстанову, асаблівым чынам молячыся за тых, хто ў гэтым годзе распачынае ў ёй вучобу. На першы год сёлета прынята ў каледж 11 чалавек, якія захацелі пашырыць уласныя гарызонты і рэлігійныя веды, а ў будучыні служыць у якасці катэхетаў на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, які ў верасні быў прызначаны дырэктарам каледжа, падкрэсліў, што тыя, хто паступаюць у гэтую навучальную ўстанову, маюць вялікае жаданне ўчыніць больш для сябе самога, для свету і тых людзей, якіх Бог паставіць на іх жыццёвым шляху.
Святар адзначыў, што тэалагічны каледж дае таксама магчымасць кожнаму засяродзіцца на Божым Слове, вывучаць філасофію, тэалогію, лепш пазнаць каталіцкае навучанне, а здабытыя веды ў будучыні павінны прычыніцца да таго, каб прывесці як мага больш людзей да Пана і паказаць ім прыгажосць і багацце Яго Слова.
Біскуп Кашкевіч выказаў удзячнасць адміністрацыі каледжа за намаганні ў фармацыі будучых катэхетаў і добрых хрысціянаў. Навучэнцам ён пажадаў, каб здабытыя веды яны выкарыстоўвалі ў штодзённым жыцці.
Пасля Імшы першакурснікам былі ўручаны заліковыя кніжкі. Затым навучэнцы, якія стварылі хор пад кіраўніцтвам выкладчыцы музыкі Вольгі Маркевіч, выканалі студэнцкі гімн “Gaudeamus igitur”, пасля чаго дырэктар каледжа ўрачыста абвясціў, што новы навучальны год 2020/2021 адкрыты.
Ангеліна Марцішэўская