З 25 па 27 верасня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку адбыліся рэкалекцыі, якія правёў а. Антанэлло Кадэду, місіянер з Бразіліі. Удзельнікаў была вялікая колькасць, з якіх большасць – вернікі з усёй Беларусі: з Мінска, Гродна, Ліды, Віцебска, Паставаў, Горак, Наваполацка, Ваўкавыска і інш.
Праграма рэкалекцый была вельмі насычанай. Яны распачаліся ў пятніцу адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і звернутым да сабраных пажаданнем плённага ўдзелу ў духоўных практыкаваннях. Другі дзень быў часам інтэнсіўнага разважання над Божым словам праз прызму місіянерскага досведу а. Антанэлло і малітвы. Апошні дзень рэкалекцый завяршыўся супольнай нядзельнай Эўхарыстыяй.
Навагрудчане і госці былі вельмі ўдзячныя Богу за магчымасць удзелу і рэкалекцыяністу за дар супольнай малітвы. Католікі з усёй Беларусі мелі выдатную магчымасць лепш пазнаёміцца з мясцовымі вернікамі, якія гасцінна прымалі іх у сваіх дамах, і дакрануцца да багатай духоўнай і культурнай спадчыны Навагрудчыны.
Перад пачаткам гэтых духоўных практыкаванняў а. Антанэлло Кадэду правёў рэкалекцыі для святароў у Доме міласэрнасці пры санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Пана Езуса Журботнага ў Росі, а таксама дзень засяроджання для вернікаў у парафіі Маці Божай Тройчы Дзівоснай у Мастах.
К. Самусік
Фота: В. Раецкая