20 верасня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) айцец Ігнат Падарэцкi ад Хрыста Укрыжаванага з ордэну кармэлітаў босых цэлебраваў прыміцыйную Імшу.
Днём раней у тым жа месцы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў яму сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.
Малады святар паходзіць з гэтай парафіяльнай супольнасці, з вёскі Слабодка, таму гэты дзень стаў асабліва ўрачыстым для жыхароў вёскі.
На ўрачыстасці, якая пачалася з благаслаўлення, удзеленага бацькамі свайму сыну на яго святарскі шлях, сабраліся шматлікія вернікі гудагайскай парафіі і госці з суседніх. Айца Ігната ў зробленымі парафіянамі вянку, які неслі дзеці, правялі ў гудагайскую святыню, дзе ён быў ахрышчаны.
Сваю першую Імшу новапрэзбітэр цэлебраваў на алтары роднай парафіі ў інтэнцыі ўсіх, хто прычыніўся да развіцця яго паклікання і да яго духоўнага ўзрастання i каму ён вельмі ўдзячны.
Гамілію прамовіў Рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фраштэнга OCD, нагадаўшы ў ёй пра задачы і абавязкі, якія вынікаюць з прынятага пасвячэння.
Літургію ўпрыгожыў спевам хор, які пасля заканчэння Імшы выканаў песню для мамы а. Ігната “Маці святара”.
Урачыстасць завяршылася прыміцыйным благаслаўленнем, якое новапрэзбітэр удзяліў усім прысутным у святыні. Дзеці, моладзь і дарослыя парафіяне падрыхтавалі віншаванні і выказалі пажаданні а. Ігнату, які са свайго боку падзякаваў усім і папрасіў аб малітве.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: а. Юрый Находка OCD