Святы Пасад у чарговы раз заклікаў да мірнага і справядлівага вырашэння грамадска-палітычнай сітуацыі, якая ўзнікла ў Беларусі пасля выбараў.
Як паведамляе Ватыканскае радыё, арцыбіскуп Іван Юркавіч, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН, прыняў удзел у спецыяльных дэбатах па сітуацыі ў Беларусі, якія адбыліся ў Жэневе ў рамках 45-й сесіі Рады па правах чалавека. Ён зазначыў, што для зняцця напружанасці ў краіне неабходны “шчыры дыялог, адмаўленне ад насілля, павага да справядлівасці і правоў”.
Ватыканскі дыпламат нагадаў, што Святы Айцец выказаў свой клопат адносна Беларусі і мясцовага Касцёла падчас “Анёл Панскі” 16 жніўня. Візіт у Беларусь арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, Сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, прайшоў 11-14 верасня таксама ў гэтым ключы.
Арцыбіскуп Юркавіч выказаў пажаданне, каб сустрэчы і дыскусіі з удзелам грамадзянскіх і касцёльных уладаў маглі прывесці да “больш глыбокага разумення эклезіяльнай місіі Касцёла і ролі, якую ён выконвае ў спрыянні грамадскаму прымірэнню і нацыянальнай згуртаванасці”.
“У пошуку мірнага вырашэння актуальнага крызісу Святы Пасад лічыць абавязковым, каб дэманстранты выказвалі свае патрабаванні мірным шляхам. Таксама неабходна, каб органы кіравання праяўлялі стрыманасць, прыслухоўваліся да голасу сваіх грамадзян, заставаліся адкрытымі на іх справядлівыя памкненні, гарантуючы поўную павагу да іх грамадзянскіх правоў і правоў чалавека”, - сказаў ватыканскі дыпламат.
“Апостальская Сталіца, жадаючы мірнага і хуткага вырашэння актуальнай напружанасці, застаецца адкрытай на любыя далейшыя дыскусіі, якія могуць прынесці неабходны мір”, - завяршыў сваё выступленне прадстаўнік Святога Пасаду.