Skip to main content

Урачыстасць Першай Камуніі прайшла ў Данілавічах

danilaviczy 3312 верасня ў капліцы Маці Божай Тройчы Дзівоснай у Данілавічах, якая належыць да парафіі ў Стараельні (Дзятлаўскі дэканат), адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі.

Да эўхарыстычнага стала ўпершыню прыступілі тры дзяўчынкі і адзін хлопчык.

Для невялікай парафіяльнай супольнасці гэтая падзея была значнай і доўгачаканай. Капліцу наведваюць у большасці людзі пажылога ўзросту, таму вернікі адчувалі радасць і шчасце, гледзячы на маладых парафіян і ўспамінаючы сваю ўрачыстасць Першай Камуніі.

Эўхарыстыю ўзначаліў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі, які заахвоціў дзяцей трываць у еднасці з Панам Езусам, распазнаючы Яго, падобна як вучні з Эмаўса, у ламанні хлеба падчас кожнай святой Імшы.

Убранне капліцы, белае адзенне дзяцей, іх сур’ёзныя твары з радаснымі вачыма, занепакоенасць бацькоў, каб усё атрымалася, стваралі непаўторную атмасферу ўрачыстасці.

Бацькі маладых парафіян выказваюць глыбокую ўдзячнасць святару за падрыхтоўку дзяцей да гэтай падзеі, за падтрымку і прыклад веры, які дзеці атрымліваюць кожны раз, калі наведваюць капліцу.

Ларыса Аблажэй