27 жніўня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падпісаў паведамленне, якім адмяняе дзеянне дадзенай ва ўмовах пандэміі каранавірусу дыспенсы ад абавязку ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелі і абавязковыя ўрачыстасці.
Згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, дбаючы пра духоўнае дабро вернікаў і ўлічваючы паляпшэнне сітуацыі, 1 верасня гэтага года біскуп Аляксандр спыняе дзеянне ў Гродзенскай дыяцэзіі дыспенсы ад абавязку ўдзелу ў нядзельных і ўрачыстых святых Імшах, якая была дадзена 20 сакавіка.
Такім чынам, кожны вернік зноў мае абавязак асабістага ўдзелу ў святой Імшы ва ўсе нядзелі года і ў прадпісаныя ўрачыстасці.
Разам з тым iерарх просіць да моманту поўнага спынення эпідэміі захоўваць меры бяспекi з мэтай мінімалізаваць рызыку распаўсюджвання каранавірусу.
На перажыванне гэтага часу выпрабавання ў духу веры і даверу Богу біскуп удзяляе духавенству і ўсім дыяцэзіянам пастырскае благаслаўленне.