Скаўты з парафіі св. Яна Евангеліста і Максіміліяна Кольбэ ў Мінску і парафіі св. Міхала Арханёла ў Івянцы арганізоўваюць адпачынак на беразе ракі Гаўя.
Скаўцкі рух прадстаўлены звязам св. Кляры ў Івянцы і другой Мінскай дружынай св. Барбары.
Месца летніку выбрана неверагоднае – сасновы бор, рака, ягаднікі чарніц і брусніц, зверабой, маліннік...
Дзеці і моладзь самі сабе гатуюць ежу і будуюць жыллё. Яны распачынаюць свой дзень св. Імшой і заканчваюць забавамі і малітвай каля вогнішча. На працягу дня жыхары лагера займаюцца спортам, паглыбляюць рэлігійныя веды і выконваюць свае абавязкі.
З 28 ліпеня па 6 жніўня летнік ладзіла група скаўтак. Яна складалася з 47 асоб і доўжылася 10 дзён. Цяпер на іўеўскай зямлі адпачываюць хлопцы.
20 жніўня іх наведаў пробашч іўеўскай парафіі ксёндз Ян Гавецкі разам з міністрантамі. Там ён разам з ксяндзом Уладзімір Марушэўскі SChr, які заўсёды спадарожнічае скаўтам, цэлебравалі св. Імшу.
Як кажа ўдзельнік сустрэчы Таццяна Мазур: „Амаль усе бацькі адзначаюць, што пасля такіх выездаў іх дзеці прыязджаюць іншымі — больш спакойнымі, прыгожымі, больш сталымі”.
Раман Ярмош
Фота: Jan.by