Як паведамляе "Ватыканскае радыё", прымас Польшчы, арцыбіскуп Войцех Поляк, скіраваў спецыяльны зварот да парафій Гнезненскай архідыяцэзіі, заклікаючы да асаблівай малітвы ў інтэнцыі Беларусі.
“Многія з нас у гэтыя дні з увагай назіраюць за падзеямі ў Беларусі. Падчас малітвы “Анёл Панскі”, якая прайшла ў мінулую нядзелю, Папа Францішак падкрэсліў: “Мае думкі кірую да дарагой Беларусі. З вялікай увагай сачу за сітуацыяй, якая склалася пасля выбараў у гэтай краіне. Заклікаю да дыялогу, спынення гвалту, паважання справядлівасці і права. Давяраю ўсіх беларусаў апецы Багародзіцы, Каралевы супакою”, - нагадаў іерарх.
Далучаючыся да папскага звароту арцыбіскуп Поляк заклікаў да малітвы аб міры і росквіце для Беларусі 23 жніўня ва ўсіх касцёлах і капліцах Гнезненскай архідыяцэзіі.
“Адначасова прашу памятаць пра нашых братоў і сясцёр у Беларусі ў штодзённай асабістай і супольнай малітве”, - дадаў Мітрапаліт.