9 жніўня вернікі іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла развіталіся са сваім вікарыем. Ксёндз Артур Валчкевіч накіроўваецца на служэнне пробашчам парафіі святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах. Ён застанецца служыць у тым жа дэканаце.
Каб выказаць святару словы падзякі за супольную працу, на ранішняй Імшы сабраліся прадстаўнікі “Легіёна Марыі” і “Маці ў малітве”, міністранты і парафіяне.
“Мы абяцаем вам памяць, шчырую малітоўную падтрымку і заўсёды запрашаем да нас”, – сказалі міністранты.
Ксёндз Артур Валчкевіч працаваў у парафіі ў Іўі амаль два гады, з верасня 2018 года. Да гэтага ён быў вікарыем у парафіі святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча 28 мая 2011 года.
Раман Ярмош
Фота: Антон Дубовiч