Skip to main content

У Астраўцы адзначылі адпустовую ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа

astrawec 12

14 верасня, калі адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа, у астравецкай парафіі, якая носіць гэты тытул, адбылася адпустовая ўрачыстасць.

Святую Імшу ў межах урачыстасці ўзначаліў пробашч парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) кс. канонік Ігар Лашук. Прысутнічала вялікая колькасць парафіян і гасцей, святары Астравецкага і суседніх дэканатаў: ксяндзы канонікі Юзаф Багдзевiч, Алег Шпень, Антоні Казлоўскі і Юзаф Занеўскі, а.

Аркадзь Куляха OCD, ксяндзы Яўген Ціхан, Віктар Захарэўскі, Алег Пятрашка, Павел Гардзейчык, Юзаф Занеўскi, Антоні Адамовіч.

У гаміліі ксёндз Ігар засяродзіў увагу на тэме крыжа, адзначыўшы, што крыж адыгрывае выключную ролю ў жыцці чалавека. Ён падкрэсліў, што традыцыя ўшанавання крыжа шматгадовая, і заклікаў працягваць яе.

Па словах святара, хрысціянства “з самага пачатку задумвалася пра знак, якi з’яднаў нябеснае з зямным, знак нашага збаўлення”. Ксёндз Ігар дадаў, што са знаку крыжа пачынаюцца ўсе хрысціянскія дзеянні, крыж успрымаецца і як найстрашнейшае пакаранне, і як збаўленне чалавека. Святар заахвоціў вернікаў падумаць над пытаннем, чым крыж з’яўляецца для іх сёння і як яны ставяцца да яго, а таксама нагадаў, што важна перадаваць веру.

astrawec 18

Ксёндз Ігар прыгадаў падзеі 312 года, калі імператар Канстанцін Вялікі перад бітвай убачыў знак крыжа на небе, а таксама шмат гісторый, звязаных з крыжам. “Гэтыя гісторыі ўразілі глыбокім павучальным сэнсам”, – адзначае Вольга Заянчкоўская.

Iмша завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй, у якой неслі фігуру святога Арханёла Міхала. Фігуру даставіў у астравецкі касцёл кс. Ігар Лашук, яна знаходзілася там на працягу тыдня. Такім чынам, пасля чатырохгадовага перапынку аднавілася перэгрынацыя гэтай фігуры. “Мы дзякуем Пану Богу за тое, што палічыў нас годнымі вітаць нашага заступніка, і просім Яго, каб перэгрынацыя працягвалася, каб праз святога Міхала Пан ратаваў ад подступаў і спакусаў злога духа”, – паведаміла з месца падзей Вольга Заянчкоўская.

Пробашч кс. Юрый Кузьміч выказаў удзельнікам урачыстасці падзяку за супольную малітву і паважлівыя адносіны да крыжа.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Заянчкоўская, Андрэй Дашкевіч