Skip to main content

Дабрачынная акцыя “Caritas” прайшла ў ваўкавыскай парафіі

karitas 10

У нядзелю 14 верасня ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску напярэдадні святкавання яе стагоддзя адбылася дабрачынная акцыя, арганізаваная дабрачынным каталіцкім таварыствам “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам яго дырэктара кс. Віталія Дабраловіча.

На нядзельнай Імшы ксёндз Віталій, кажучы пра міласэрнасць, назваў яе “дарам, які не патрабуе багацця, а толькі адкрытага сэрца”, “здольнасцю заўважыць боль іншага, адгукнуцца з павагай і спачуваннем, быць побач у моманты патрэбы”.

Таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі выказвае глыбокую ўдзячнасць усім парафіянам, якія ўзялі ўдзел у акцыі.

“Ваша адкрытасць і гатоўнасць падзяліцца — асаблівае сведчанне сапраўднай хрысціянскай любові, – адзначаюць прадстаўнікі таварыства. – Вы не толькі прынеслі канкрэтную падтрымку тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, але і падарылі надзею, цеплыню і веру ў дабрыню людзей. Акцыя стала жывым сведчаннем таго, што міласэрнасць – не абстрактнае паняцце, а канкрэтны ўчынак, здольны змяняць свет вакол нас; паказала, як праз простыя, але шчырыя дзеянні можна пераўтвараць грамадства, аб’ядноўваць людзей і адлюстроўваць Божую любоў у штодзённасці”.

“У ваўкавыскай парафіі гэтая ініцыятыва стала пачаткам новага этапу служэння, духоўнага росту і адзінства, – кажуць прадстаўнікі “Caritas”. – Гэта была не проста сустрэча, а сапраўднае сведчанне любові, адзінства, спачування. Такія акцыі — не толькі дапамога, але і школа любові, дзе мы вучымся быць больш чалавечнымі, адкрытымі і чулымі. У кожным добрым учынку адлюстроўваецца прыклад Езуса Хрыста, Які заклікае нас любіць бліжняга, як самога сябе”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі