Зварот
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
ў сувязі са складанай грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі
Браты і сёстры, суайчыннікі!
У апошнія дні мы сталі сведкамі нябачанай дагэтуль у нашай міралюбнай і памяркоўнай Бацькаўшчыне напружанасці, звязанай з ходам выбарчай кампаніі і прэзідэнцкімі выбарамі, якая вылілася на вуліцы і плошчы нашых гарадоў. Адбыліся сутыкненні паміж грамадзянамі і супрацоўнікамі сілавых структур. У выніку актыўнага супрацьстаяння ўжо, на жаль, пралілася першая кроў і ёсць пацярпелыя з абодвух бакоў. Упершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі брат падняў руку на брата.
Чаму мы, народ з больш як тысячагадовай гісторыяй хрысціянства, сёння як быццам забыліся пра любоў да бліжняга і ўласцівую нам з даўніх часоў талерантнасць у адносінах да іншадумцаў? Чаму на нашай святой зямлі паўтараецца біблейская гісторыя сумнавядомага Каіна, які забіў свайго брата Абэля?
У гэты лёсавызначальны момант нашай гісторыі ў імя Бога бязмежнай міласэрнасці, любові і супакою я звяртаюся да ўсіх бакоў канфлікту з заклікам спыніць насілле. Няхай вашыя рукі, створаныя для мірнай працы і братэрскага прывітання, не падымаюць ні зброі, ані камення. Няхай замест аргументу сілы запануе заснаваная на дыялогу ў праўдзе і ўзаемнай любові сіла аргументу.
З даўніх часоў наш народ вырашаў складаныя пытанні на агульных сходах, якія ў старажытных славянаў называліся вечам. З улікам гэтага каштоўнага вопыту, дзеля хутчэйшага пераадолення крызісу ў грамадстве і спынення насілля прапаную неадкладна склікаць адмысловы круглы стол, каб за ім, а не на барыкадах, вырашаць далейшы лёс нашай Бацькаўшчыны.
Заахвочваю ўсіх людзей добрай волі да трывалай малітвы аб міры і згодзе ў нашай краіне,
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 11 жніўня 2020 г.
Паводле catholic.by