Skip to main content

77-годдзе з часу смерці назарэтанак-мучаніц адзначылі ў Батароўскім лесе каля Навагрудка

les nv 3331 ліпеня ў Батароўскім лесе каля Навагрудка, дзе 77 гадоў таму былі расстраляны 11 манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі), сабраліся на малітве пілігрымы.

Нешматлікія ў сувязі з эпідэміяй вернікі, у індывідуальным парадку, некаторыя на роварах, некаторыя пешкі, прыбылі ўшанаваць памяць гэтых сведкаў Хрыста, якія ахвяравалі сваё жыццё Богу за іншых, і вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё.

Прысутныя дзякавалі Пану за дар благаслаўлёных мучаніц для Касцёла на Гродзеншчыне і Касцёла ў Беларусі.

les nv 31

Праз іх заступніцтва ўдзельнікі Імшы прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для сябе, сваіх сем’яў і супольнасцяў. Акрамя таго, маліліся за нашу краіну, каб у ёй працягвалі панаваць мір і згода, узаемная павага і разуменне, шанаванне супольнага дабра і клопат пра будучыя пакаленні. Маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.

Эўхарыстыю ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Смерць адзінаццаці назарэтанак не была выпадковай, а была ахвярай, складзенай Богу з любові да бліжняга. Неспасцігальная любоў жыла ў сэрцах сясцёр, якія двойчы на малітве прасілі Пана аб смерці ўзамен за іншых людзей: за 120 арыштаваных гестапа жыхароў Навагрудка і ваколіц, а таксама аднаго святара ў гэтым месцы, кс. капелана Аляксандра Зянкевіча.

Гэтая незвычайная ахвяра была дасканалым увянчаннем і дапаўненнем той любові да Бога і людзей, выраз якой давалі сёстры ў сваім штодзённым жыцці дагэтуль і ў служэнні ў Навагрудку.

Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць у цішыні маліцца на каленях на той самай зямлі, якая была акроплена крывёю мучаніц, што аддалі сваё жыццё за іншых.

Няхай прыклад жыцця мучаніц з Навагрудка будзе натхненнем для сучасных людзей у штодзённым верным спаўненні абавязкаў, у тым, каб даваць сведчанне веры словам і ўчынкам, любіць бліжняга і бескарысліва дапамагаць патрабуючым.

Кс. Юрый Марціновіч