31 ліпеня татары Іўя адзначалі Курбан-байрам, адно са сваіх найважнейшых святаў.
У гэты дзень пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі ксёндз Ян Гавецкі прысутнічаў на малітве ў мясцовай мячэці. Ён выказаў мусульманам словы шчырых віншаванняў ад імя ўсёй парафіяльнай супольнасці.
Святар падкрэсліў, што сёння паміж жыхарамі Іўя пануюць згода і еднасць, няма падзелаў і спрэчак. На запрашэнне імама іўеўскай мячэці Адама Радзецкага адгукнуўся таксама старшыня Іўеўскага райвыканкама Аляксандр Булак.
Іўе неафіцыйна лічыцца татарскай сталіцай Беларусі, бо менавіта ў ім існуе самая вялікая супольнасць, якая жыве на нашых землях больш за 600 гадоў.
За гэты час католікі і татары маюць супольную гісторыю. Графіня Эльвіра Замойская, уладальніца Іўя ў ХІХ стагоддзі, за ўласныя сродкі пабудавала на гарадскіх могілках капліцу святой Барбары і стала фундатаркай будаўніцтва мячэці ў Іўі: выдзяліла зямлю пад яе і дала дазвол на выбар лепшага лесу ў якасці будаўнічага матэрыялу.
Таксама татары ахвяроўваюць кветкі для дываноў на ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якія не адзін год атрымліваюць вялікі інтарэс беларускіх СМІ.
Раман Ярмош