з нагоды выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Супакой і дабро табе, Беларусь!
Дарагія суайчыннікі,
вітаю вас словамі дэвізу служэння святога Францішка Асізскага: «Супакой і дабро».
З кожным днём мы набліжаемся да выбараў прэзідэнта нашай дзяржавы. Сёлетняя выбарчая кампанія праходзіць у складанай сацыяльна-палітычнай сітуацыі.
Натуральна, што перад выбарамі паўстае пытанне: за каго галасаваць?
Паводле прынцыпаў сацыяльнага вучэння, Касцёл не атаясамліваецца ні з якой палітычнай сілай і, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, не выконвае палітычных функцый, а служыць усім людзям і таму не можа выказвацца за таго ці іншага кандыдата.
Аднак разам з тым Касцёл нагадвае, што ўдзел у выбарах з’яўляецца праяўленнем адказнасці і сталасці ў будаванні будучыні нашай краіны.
Яна залежыць ад нас, і сёння мы яе выбіраем. Пры гэтым выбар павінен здзяйсняцца не пад уплывам эмоцый, але быць плёнам сталага роздуму, згоднага з сумленнем і адпаведным распазнаннем, як кажа Папа Францішак.
Дзеля гэтага неабходна не толькі ўважліва вывучыць праграмы кандыдатаў з палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага пунктаў гледжання, але і ўзяць пад увагу іх адносіны да сацыяльнага вучэння Касцёла і агульначалавечых каштоўнасцяў, а таксама маральных прынцыпаў, якія нязменныя і таму не падлягаюць абмеркаванню і змяненню.
Перадусім варта звярнуць увагу на:
- падтрымку інстытуту сям’і і пашану да яе як адзінага і неразрыўнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння і выхавання патомства;
- абарону Божага дару жыцця ад зачацця да натуральнай смерці;
- свабоду веравызнання;
- клопат пра сацыяльную справядлівасць;
- недапушчальнасць амаральнай дзейнасці і да т.п.
Пандэмія каранавірусу, якая абрынулася на нас, нібы гром з яснага неба, стала імпульсам да лепшага асэнсавання таксама іншых «эпідэмій», якіх нямала ў нашым грамадстве. Сёння з эпідэміямі можна параўнаць эканамічны крызіс, сацыяльную і палітычную нестабільнасць, грахоўнае жыццё і іншыя нездаровыя праявы. Усе яны ўзаемазвязаныя, уплываюць адна на адну і, у выніку, адбіваюцца на ўсім грамадстве, што вядзе да напружанасці ў ім.
Ці можа наша сінявокая Беларусь быць адзінай сям’ёй, у якой усе любяць і паважаюць адзін аднаго? Ці мы, сыны і дочкі адной Маці-Радзімы, можам бачыць адно ў адным сваіх братоў і сясцёр? Ці здольныя мы дасягнуць такіх жаданых адзінства і згоды ў нашым грамадстве?
Рэцэпт гэтага знаходзіцца ў залатым этычным правіле рэлігійных і філасофскіх вучэнняў Захаду і Усходу, якое ляжыць у аснове ўсіх сусветных рэлігій: «Не рабі іншым таго, чаго не жадаеш сабе, і паступай з іншымі так, як хацеў бы, каб паступалі з табой». Гэта відавочны духоўны стандарт і спосаб узаемадзеяння для мірнага суіснавання розных меркаванняў.
У лёсавызначальны час нашай гісторыі і ў імя шчаслівай і мірнай будучыні Беларусі перадвыбарчая кампанія і самі выбары павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі да апанентаў са свабодным волевыяўленнем народа для агульнага дабра нашага грамадства.
Няхай Апякунка Беларусі Божая Маці Будслаўская выпрасіць у Бога такую патрэбную нашаму народу ласку ўзаемнай любові і павагі да кожнага чалавека, каб у разнастайнасці будавалася адзінства, як вучыць святы Папа Ян Павел ІІ.
Супакой і дабро табе, наша Бацькаўшчына Беларусь!
З малітвай і благаслаўленнем
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 31 ліпеня 2020 г.
Гэты Зварот паводле разважлівага меркавання душпастыраў можа быць прачытаны падчас аб’яваў на нядзельных святых Імшах, а таксама размешчаны на парафіяльных інфармацыйных дошках.
Паводле catholic.by